«Мы гатовыя адказваць гвалтам на гвалт»


Нацыянальнае прымірэнне – адзіны шлях выратавання Беларусі, і дамаўляцца з лукашыстамі давядзецца, мяркуе Андрэй Ягораў. Прымірэнне магчымае толькі пасля прызнання Лукашэнкам віны і ягонага пакаяння, лічыць Юрый Губарэвіч. Хто мае рацыю?

За апошні месяц тэма нацыянальнага прымірэння пасля словаў нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага і адкрытага ліста рэдактара газеты «Народная воля» Іосіфа Сярэдзіча зрабілася актуальнай. Але ці магчымае гэтае нацыянальнае прымірэнне, і як жыць побач і разам з амапаўцамі ды ябацькамі? Пра гэта новае выданне праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Палітык Андрэй Ягораў лічыць, што альтэрнатывы нацыянальнаму прымірэнню няма, і да яго мы рана ці позна дойдзем, бо немагчыма выключыць з ліку беларусаў нават тых, хто рабіў беззаконне і злачынствы.

«Нават калі мы збіраемся судзіць людзей, то сама магчымасць суда – яна мяркуе, што гэтыя людзі належаць да нашага народу і да нашай нацыі. І тады гэты суд можа быць структурай таго, як нацыя праходзіць ачышчэнне і прымірэнне», – зазначае Андрэй Ягораў і падкрэслівае неабходнасць падрыхтавацца да гэтага.

Аднак палітык Юрый Губарэвіч лічыць, што цяпер прымірэнне немагчымае, бо канфлікт яшчэ не завершаны, а беларусы, якія прагнулі свабоды ў 2020 годзе, не здрадзілі сабе дасюль.

«На маё глыбокае перакананне, вінаваты бок тут адзін. Гэты бок – рэжым, Лукашэнка, людзі ў сілавых структурах, якія яго падтрымліваюць. І калі казаць пра прымірэнне – так, яно магчымае. Прымірэнне праз прызнанне віны тым бокам і праз пэўнае пакаянне. І натуральна, што яшчэ і праз пакаранне. Гэтага аспекту таксама ніхто не адмяняў. Ці гатовы Лукашэнка сёння пайсці на прызнанне віны і пакаянне перад беларускім грамадствам – цалкам відавочна», – тлумачыць Юрый Губарэвіч.

Таксама палітык дадае, што тэза пра прымірэнне абапіраецца на памылковую тэзу пра падзел беларускага народу, якога, лічыць Губарэвіч, насамрэч няма, а Лукашэнка абапіраецца выключна на «купку сілавікоў».

Чаму Лукашэнка адмаўляецца ісці на перамовы? Ці можа гэта змяніць пазіцыя Захаду? Няўжо Беларусі прыйдзецца перажыць уласны Нюрнбэрг, і што нас чакае ў выпадку перамоваў Украіны і Расеі пасля вайны? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Госці праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым:

Андрэй Ягораў, палітолаг, спікер Каардынацыйнай рады

Юрый Губарэвіч, старшыня руху «За свабоду»

Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube