Калі святкаваць Раство: 25 снежня ці 7 студзеня?


Раство! Каляды! Новы год! Паўсюль агні, ялінкі, падарункі. Большая частка планеты святкуе нараджэнне Ісуса Хрыста, кожны ў сваім звычаі. Але што менавіта мы святкуем? І чаму? Сённяшняе «Глабальнае пытанне» – самае цёплае свята года.

На Каляды людзі чакаюць цудаў і падарункаў. Асабліва дзеці – шукаюць пад ялінкаю сюрпрызы ад Святога Мікалая. Гэты хрысціянскі цудатворац часоў Рымскай імперыі вядомы ўсім, у тым ліку праз галандскае напісанне ягонага імя – Сінтэркляас, ён жа Санта-Клаус.

«Што да Санта-Клауса, гэта таксама Святы Мікалай. Гэта ўжо прадукт масавай культуры 20-га стагоддзя, амерыканізаваны варыянт, калі канчаткова вобраз Санта-Клауса выцясняе Ісуса Хрыста. Ён практычна знікае з калядных песняў, кінематографу. І ўсе чакаюць прыходу Санта-Клауса», – падкрэслівае Ігар Казлоўскі, вядомы украінскі рэлігіязнаўца і пісьменнік, які прайшоў праз расейскі палон.

У Беларусі, праўда, на дзяржаўным узроўні дзецям прапаноўваюць толькі Дзеда Мароза – расейскага казачнага персанажа. Яго ўвялі ў савецкую традыцыю ў сталінскія часы, але выключна як патрона Новага года.

«У Савецкім Саюзе яго пачалі выкарыстоўваць як замену Святому Мікалаю», – Ігар Казлоўскі.

Але для адданых хрысціянскіх вернікаў Каляды не абмяжоўваюцца ялінкай і падарункамі.

«Чалавек посціць, рыхтуецца да прычасця, прычашчаецца. Потым заканчваецца пост, ён святкуе», – распавядае беларускі праваслаўны святар Аляксандр Шрамко.

«Сутнасць свята ў каталікоў, праваслаўных і пратэстантаў не адрозніваецца», – падкрэслівае магістр тэалогіі Зміцер Шыла, выпускнік Багаслоўскага факультэту ЕГУ.

Урачыстая служба ў бажніцы, а потым святочная калядная вячэра з усёй сям’ёй звязвае верніка з сакральнай вячэрай Ісуса з ягонымі вучнямі. Сюжэт, які назаўжды застаўся ў еўрапейскай культуры.

«Сэнс не ў рытуалах, сэнс у настроі… Павінен быць настрой чакання. Чакання нечага добрага, пераменаў, перараджэння ў нашым жыцці. Бо Хрыстос прыйшоў у свет з евангеллем, сведчыць новае жыццё», – тлумачыць святар Аляксандр Шрамко.

Паводле евангелля, калі ў юдэйскім горадзе Віфлеем, або Бэтлеем, нарадзіўся маленькі Ісус, узышла новая зорка, анёл распавёў мясцовым пастухам пра зʼяўленне збавіцеля, а пакланіцца Ісусу з падарункамі прыйшлі мудрацы з усходу, гэтакія старажытныя каралі-святары.

Паводле Бібліі, у гэтую ноч людзі атрымалі надзею на новае жыццё і вызваленне ад першаснага граху.

«З пункту гледжання хрысціянства, Раство – змяненне ўсёй гісторыі чалавецтва», – падкрэслівае Ігар Казлоўскі.

«Гэты чалавек, які завецца «другі Адам», што прыйдзе выправіць памылку першага чалавека, у юдэйскай традыцыі называецца Месія», – тлумачыць Зміцер Шыла.

Паводле прароцтваў, Ісус меўся вызваліць юдэяў з нявольніцтва ў імперыі. Але выявілася, што «духоўная амністыя» ад першаснага граху Адама і Евы прыйшла для ўсіх.

«Прыйшоў на Зямлю Бог і чалавек адначасова… Не проста явіўся Бог сам па сабе, а ён явіўся, як чалавек, праз нараджэнне. Такім чынам ён стаў наш, нашай плоццю. То як ён стаў нашай плоццю, так і мы па духу можам стаць Божымі людзьмі», – перакананы беларускі святар Аляксандр Шрамко.

У тое, што Бог-сын даў людзям магчымасць далучыцца да жыцця пасля смерці, верыць больш за траціну планеты. Хрысціянства – найбуйнейшая з сусветных рэлігіяў. Але гістарычны ўплыў хрысціянства адчувае кожны, бо яно паўплывала на фармаванне і еўрапейскай культуры ў цэлым, і такой сістэмы светапогляду, як гуманізм.

«Беларускія пратэсты 2020 года былі б немагчымыя, калі б Беларусь не была ў рэчышчы хрысціянскай культуры. Сама думка, адчайная, ірацыянальная вера, што можна выйсці супраць улады без зброі, толькі з праўдай, і змяніць жыццё да лепшага – гэта канцэпцыя, якая зʼяўляецца цэнтрам хрысціянскага вучэння», – упэўнены магістр тэалогіі Зміцер Шыла.

Калі глядзець палітычна, Ісус Хрыстос разам з вучнямі быў стваральнікам руху негвалтоўнага пратэсту. І гэты рух перамог.

«Першыя хрысціяне, якія больш, чым мы зараз, ішлі за прыкладам Хрыста, – яны таксама стаялі перад уладай імператарскай і казалі імператару: ты не Бог. І гэта ўспрымалася як палітычная фронда», – распавядае Зміцер Шыла.

Цалкам ігнараваць Каляды не маглі нават у бязбожным Савецкім Саюзе. Бо ад Раства Хрыстова большасць планеты лічыць гады. Бальшавікі казалі «такі-та год нашай эры». Хаця насамрэч і год, і дзень – гэта ўмоўнасць.

«Хаця мы кажам, што ад Раства Хрыстовага лічым гады, але гэта не дасканала вядома. А дня дакладна ніхто не ведае», – тлумачыць Аляксандр Шрамко.

Больш за тое, існуе блытаніна з вызначэннем дзён, бо ў канфесіях карыстаюцца рознымі календарамі. Самы сучасны і дакладны – Новаюліянскі, які ўлічвае карэкцыю падліку абаротаў Зямлі вакол Сонца. Ён амаль цалкам супадае з Грыгарыянскім календаром, распрацаваным паводле загаду Папы Рымскага Грыгорыя XIII.

«Так атрымалася, што адныя перайшлі на больш астранамічна дакладны каляндар, а іншыя захавалі старое», – распавядае беларускі святар.

Памылкова казаць, што 25-га снежня – каталіцкія Каляды, а 7 студзеня – праваслаўныя. Насамрэч гэта адзінае свята для ўсіх хрысціянаў, толькі частка святкуе паводле старога, юліянскага календара.

«Толькі 4 царквы выкарыстоўваюць той стары юліянскі каляндар. Гэта Расейская праваслаўная царква, Украінская праваслаўная – доўга была ў зоне ўплыву, гэта Грузінская царква, Іерусалімская царква прытрымліваюцца яшчэ юліянскага календара», – нагадвае украінскі рэлігіязнаўца Ігар Казлоўскі.

Сёлета Праваслаўная царква Украіны (ПЦУ), якая не падпадае пад уплыў Расейскай праваслаўнай царквы, дазволіла святарам і прыхаджанам святкаваць Раство і адпаведна найноўшаму календару таксама.

«Для парафіі, якая прымае рашэнне праводзіць святочнае богаслужэнне 25 снежня, ім дазваляецца. Яны мусяць пра гэта паведаміць архірэю, паведаміць кіраўніцтву. Але яны мусяць праводзіць святочнае богаслужэнне і 7 студзеня», – тлумачыць Ігар Казлоўскі.

Але галоўнае не каляндар і не рытуалы. Галоўнае ў Калядах – любоў, павага і ўзаемадапамога. Каб яшчэ раз падтрымаць беларускіх палітзняволеных, сёлета фонд «BYSOL» сабраў грошы на падарункі дзецям палітвязняў. На жаль, гэта неабходная традыцыя. На жаль, сёлета фонд атрымаў ажно 184 заяўкі. На шчасце, удалося сабраць дапамогу да Калядаў.

«Звычайна мы долей збіраем грошы. А ў гэтым годзе 18 400 еўраў былі сабраныя літаральна за тыдзень», – распавядае кіраўнік фонду салідарнасці «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

На падарунак кожнаму дзіцяці атрымалася 100 еўраў.

«Грошы, якія атрымаюць семʼі палітвязняў, яны могуць выдаткаваць на тое, што палічаць патрэбным. Купіць адзенне, абутак або падарыць дзіцёнку нейкае свята», – тлумачыць Андрэй Стрыжак.

Гэта ўжо вызначаюць самі бацькі ці апекуны, калі за кратамі і мама, і тата.

«Карыстаючыся магчымасцю, хачу праз «Белсат» падзякаваць усім, хто браў удзел у гэтай акцыі, у іншых акцыях, якія праводзяць нашыя калегі па падарунках для дзяцей палітвязняў. Вельмі важна паказваць такую салідарнасць, асабліва ў святочны час», – перакананы кіраўнік фонду салідарнасці «BYSOL».

Спадарства, галоўны калядны цуд і галоўны падарунак – унутры нас. Трэба толькі яго знайсці і падзяліцца з іншымі.

Фота: MAXIM SHEMETOV / Reuters / Forum