Лукашэнка спрабуе пераплюнуць Ціханоўскую. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Гульня Лукашэнкі з Вугоршчынаю. Чаму ён стаў абараняць Еўразвяз?

Аляксандр Лукашэнка трыумфуе: да яго прыляцела ўся Еўразія. А галоўнае – міністры замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў ды Вугоршчыны Петэр Сіярта, да якога Лукашэнка звяртаецца проста Петэр. Нелегітымны кіруе супярэчлівыя заявы на Захад і ў Маскву. Навошта яму інтрыга з Вугоршчынаю Віктара Орбана? У праграме «ПраСвет» – інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Камілем Клысіньскім, галоўным аналітыкам у справах Беларусі ў польскім Цэнтры ўсходніх даследаванняў.

Валер Кавалеўскі: Мы адбіраем тэрыторыю ў Лукашэнкі

Святлана Ціханоўская наведала Рэспубліку Малдова. Яе прыняла прэзідэнтка Мая Санду. Гэта першы візіт Ціханоўскай у дзяржаву СНД. Аляксандр Лукашэнка ў той жа час сустракаецца з губернатарам расейскай Рэспублікі Мардовія. Ціханоўскую запрашае старшыня Еўрапейскай Камісіі Урзуля фон дэр Ляен, а ў Менск прылятае віцэ-прэзідэнт Ірану. Чаму цікавасць да Беларусі застаецца ў свеце высокаю? Прычыны каментуюць Валер Сахашчык, Валер Кавалеўскі і Валер Карбалевіч.

Украінская палітолаг Ганна Шэлест: Аляксандр Лукашэнка ўжо не можа праскочыць паміж кроплямі дажджу

Украінцы, з аднаго боку, усё яшчэ жывуць стэрэатыпамі ў дачыненні Беларусі і рэжыму Лукашэнкі. З другога – падыход украінцаў да беларусаў вельмі прагматычны, практычны. У той жа час Кіеў не заплюшчвае вачэй на тое, што адбываецца ў Беларусі. Чаго цяпер дабіваюцца ўкраінцы ад беларусаў? Пра гэта – у інтэрв’ю Змітра Міцкевіча з Ганнаю Шэлест, дырэктаркаю праграмаў бяспекі Рады вонкавай палітыкі «Українська призма».

Сцэнар аперацыі Ізраілю супраць «Хамасу». Чаму яе не пачынаюць?

Пайшоў трэці тыдзень пасля нападу «Хамасу» на Ізраіль, які да сёння не пачаў наземнай аперацыі супраць палестынскай арганізацыі. З чым звязанае зацягванне контрнаступу і ці не губляе Ізраіль сваіх пазіцыяў – як у вачах мусульманскага свету, гэтак і на полі бою? Калі Цагаль, ізраільскае войска, усё-такі пачне наземны наступ, то як ён можа выглядаць? Каментуюць Давід Шарп, вайсковы аглядальнік з Ізраілю, а таксама Міхал Брушэўскі, вайсковы публіцыст з парталу Defence24.pl.

Новая вайна паміж азербайджанцамі і армянамі вісіць у паветры

Арменія яшчэ не акрыяла ад аперацыі супраць непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі і высялення армянаў, якія жылі на гэтай тэрыторыі Азербайджану. А Турцыя і Азербайджан праводзяць супольныя вайсковыя вучэнні каля межаў Арменіі. Адначасова ў Іране прайшоў першы раўнд перамоваў з удзелам Азербайджану, Арменіі, Турцыі і Расеі. Ці азначае гэта, што Баку пасылае сігнал Ерэвану – прымайце нашыя ўмовы ці рыхтуйцеся да вайны? Каментуюць Маўсун Гаджыеў, аўтар праекту «Рэха Баку» (Азербайджан), армянскія палітолагі Рубэн Мэграб’ян і Стэпан Грыгарʼян, а таксама Конрад Заштаўт, польскі эксперт у праблемах Каўказу.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook ! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн,на YouTube-канале і на нашай старонцы.