Як мядзведзяў вучылі ў Смаргоні грошы зарабляць


Мядзведзі з Беларусі былі вядомыя ў Заходняй Еўропе, а «Смаргонская акадэмія», заснаваная Радзівіламі, зрабілася брэндам. Але як мядзведзяў вучылі хадзіць на задніх лапах, танцаваць і чытаць, а Пане Каханку мог вярхом ездзіць на іх?

«Вучоны мядзведзь мог танцаваць пад дуду, мог імітаваць розныя паводзіны людзей. Напрыклад, ісці як п’яны, размахваючы рукамі, нібыта сварыцца, гартаць кнігу, нібыта ён яе чытае, і нават крочыць з палкай, як жаўнер. А ў канцы прадстаўлення мядзведзь здзіраў шапку з гаспадара і ішоў з ёю да людзей, прасіў звонкіх манетаў. А калі ў цябе жывы мядзведзь просіць заслужаную плату, то ты непазбежна становішся шчодрым. Такія шоу выклікалі неймавернае захапленне публікі. У XVI–XVII стагоддзі такія шоу ў Еўропе найчасцей ладзілі мядзведнікі з Вялікага Княства Літоўскага», – распавядае Цімох Акудовіч, вядоўца праграмы «Вусы Скарыны».

Бізнес мядзведнікаў, якія дрэсуравалі мядзведзяў, прыносіў вялікі прыбытак. Іх улетку і ўвосень часцяком можна было сустрэць на вуліцах тагачасных еўрапейскіх гарадоў. Пра іх узгадваў дацкі дыпламат Оляф Магнус. Дрэсуравалі мядзведзяў у розных мясцовасцях Беларусі. Сярод іх – Глыбокае, дзе пры царкве Святога Пятра дзейнічала праваслаўнае брацтва з цэхамі шаўцоў, краўцоў і мядзведнікаў. Аднак найбольш у Вялікім Княстве Літоўскім праславілася заснаваная Радзівіламі «Смаргонская акадэмія».

«Часам нашая цывілізацыйная адсталасць пакідае нам больш лёсу і дае магчымасць рабіць паспяховыя праекты там, дзе іншыя гэтага зрабіць не могуць», – заўважае Цімох Акудовіч.

Чаму мядзведнікі з ВКЛ сталі такімі папулярнымі ў Еўропе? У чым іх адрозненне ад мядзведнікаў з Масковіі, Ноўгараду, Вугоршчыны, Нямеччыны і Польшчы? Што такое «Смаргонская акадэмія»? І калі мядзведнікі перасталі існаваць як прафесія? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Вусы Скарыны»

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.