«Ён мяне згвалтаваў». Самае страшнае робяць самыя блізкія


Шмат хто перажывае сямейны гвалт, але мала хто пра гэта гаворыць. Таму гаворым мы ў праграме «Трэба пагаварыць».

Важна інфармаваць жанчын пра тое, што такое хатні гвалт. Даць ім надзею і даць ім зразумець, што з гэтых стасункаў можна выйсці.

Не псіхалагічны, а фізічны гвалт перажыла вядоўца праграмы Кацярына Ваданосава. Як кажа Каця, яна доўга не магла прызнацца ў гэтым нават маці.

«Калісьці я сустракалася з хлопцам. Справа, як мне здавалася, ішла да шлюбу. Але была адна праблема: я была вельмі такая правільная, увацаркоўленая дзяўчына, для якой немагчыма было сустракацца з чалавекам, які не ёсць мужам. Зразумела, ён не вельмі хацеў быць мужам, ён проста хацеў сустракацца. А аднойчы ён мяне падпаіў. Я амаль не памятаю, што там было. Але я ад яго зацяжарала пасля таго разу. Гэта было настолькі страшна. Я цяпер лячуся ад раку і думаю, што мне цяпер не так страшна, як тады, калі мне было 22–23 гады. Калі ён даведаўся пра гэта, то сказаў: «Бачыш, і неабавязкова жаніцца для такога», – з болем узгадвае Кацярына.

Адмысловая госця праграмы – работніца фонду «Humandoc», лідарка клубу падтрымання жанчын у Беластоку Элеанора Мэлер.

Belsat.eu