Лябедзька: «74 гады турмы пагражае Ціханоўскай»


Дзмітрый Балкунец крытыкуе беларускія дэмакратычныя сілы за «стварэнне культу» Святланы Ціханоўскай і ейны «правадырызм». Анатоль Лябедзька мяркуе, што гэта не так, а «сапраўдная крытыка павінна выконваць функцыю вітамінаў, а не цыяністага калію». Хто з іх мае рацыю?

Дзмітрый Балкунец кажа, што любая крытыка карысная, і нагадвае пра 2020 год, калі кандыдаты на прэзідэнцтва яшчэ не былі зарэгістраваныя. Палітолаг мяркуе, што «жонка блогера Сяргея Ціханоўскага Святлана Ціханоўская» была абраная адзіным кандыдатам на прэзідэнцтва толькі дзякуючы рэсурсам двух асноўных штабоў – Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. На думку Балкунца, акурат Аб’яднаны штаб і падтрымалі выбарнікі ў Беларусі, а Святлану Ціханоўскую – у якасці «кандыдата пратэсту».

«У яе не было ніякай праграмы. Два пункты былі асноўныя ў яе канцэпцыі, з якой яна ездзіла разам з Веранікай Цапкалай і Марыяй Калеснікавай. Гэта была ідэя вызвалення палітычных вязняў і новыя выбары. За 2,5 года ніводзін з гэтых пунктаў не выкананы на сённяшні дзень», – адзначае Дзмітрый Балкунец. Палітолаг кажа, што рэсурсы Офісу Ціханоўскай выкарыстоўваюцца не так, як мае быць, а вакол асобы лідаркі дэмакратычных сілаў сфармаваўся «культ правадырства». Балкунец прапаноўвае пераходзіць да канцэпцыі «калектыўнай адказнасці» і «ствараць абраныя народам Беларусі суб’екты».

Анатоль Лябедзька выказваецца пра несправядлівасць такіх высноваў і падкрэслівае, што за апошні час шмат што змянілася. А перыяд «калектыўнай адказнасці» ў гісторыі беларускай апазіцыі ўжо меў месца, але плёну так і не прынёс.

«Я перажыў той перыяд, калі быў сярод 7–8 лідараў, калектыўнае кіраванне, пра якое зараз Зміцер кажа і рэкламуе. Усё пачыналася з самага пачатку, з дробязяў. Вось мікрафон. А хто будзе першы? І гэта станавілася такой праблемай», – згадвае Анатоль Лябедзька.

І ў адрозненне ад тых часоў, калі нават у простых пытаннях было амаль немагчыма дамовіцца, сёння беларускі дэмакратычны рух, нягледзячы на ўсе цяжкасці, мае нашмат больш.

«Такой ступені аб’яднання, якая ёсць пры Святлане Ціханоўскай, у нас ніколі не было. І самае галоўнае, ну натуральнае, што крытыка – гэта абавязковае меню для палітыка, як каша ў арміі, але трэба, каб яна выконвала функцыю вітамінаў, а не цыяністага калію», – падкрэслівае Анатоль Лябедзька.

Што было б, калі б у 2020 годзе Святлана Ціханоўская не пайшла на прэзідэнцтва? Чаму допуск яе да выбараў быў самай вялікай памылкай Аляксандра Лукашэнкі? У чым адрозненне Ціханоўскай ад іншых беларускіх палітыкаў, у тым ліку Зянона Пазняка і Сямёна Шарэцкага? Адказы на гэтыя і шматлікія іншыя пытанні шукайце ў гарачай дыскусіі ў праграме «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Госці праграмы:

Анатоль Лябедзька, палітык;

Дзмітрый Балкунец, палітолаг.

Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube