Нашую гераіню Кіру Баяранку арыштавалі 5 лютага 2021 года за адміністраванне тэлеграм-каналу «Слепянка помогает».
Жанчыну вінавацілі ў арганізацыі ды рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Больш за паўгода Кіра правяла у СІЗА № 1 Менску. Пад арыштам праз катаванні жанчына страціла дзіця.
Следчы Еўлаш, ведаючы, што Кіра цяжарная, гэты факт хаваў, каб падследчай не маглі змяніць меры стрымання на больш мяккую. На ўсе хадайніцтвы адвакатаў намеснік начальніка Следчага камітэту па Менску Матолька і намеснік пракурора Менску Куратнік адказвалі адмоваю.
Работнікі СІЗА адмаўляліся выклікаць Кіры доктара.
«Мы памераем ціск, і калі ён будзе нармальны – мы на цябе напішам рапарт», – казалі яны, пагражаючы, што за 3 рапарты – накіраване ў карцар.
У ліпені следчы загадаў канваіру закрыць і доўга трымаць Кіру ў «стакане»: пры 30-градуснай спёцы яна знепрытомнела.
Уначы 25 ліпеня 2021 года ў Кіры адбыўся выкідак:
«Я ведаю, што я нарадзіла мёртвае дзіця. Але часам мне здаецца, што раптам яго можна было яшчэ ўратаваць… Нібы 6-ы месяц… Калі б я нараджала ва ўмовах шпіталю, яго б уратавалі, мабыць. Паспрабавалі рэанімаваць. Я ж нічога не зрабіла, я проста трымала пупавіну, трымала так дзіця, пакуль у мяне яго не забралі».
Дасюль Кіра не можа нармальна спаць:
«Я заплюшчваю вочы – і зноў там, зноў гэтая ноч».
Каб схаваць сваё злачынства, усе супрацоўнікі СІЗА № 1 – ад канваіра да дактароў – працягвалі запалохваць:
«Калі хочаш ацалець, вярнуцца дамоў з Валадаркі, то ты мусіш маўчаць».
Наш эксперт Павел Левінаў дае прававую ацэнку дзеянняў Следчага камітэту, пракурораў, супрацоўнікаў КДБ і СІЗА № 1, якія за здзейсненыя злачынствы мусяць быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.
Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.