Тысяча беларусаў дасць штуршок паўстанню. Мы не здаліся?


Палітыкі не разумеюць, што адбываецца ў Беларусі, дзе зʼявілася пакаленне, гатовае да самых рашучых дзеянняў, – лічыць Марцалеў. Палітыкі робяць усё, што ў іх сілах, але не трэба адкідаць і непапулярны сцэнар перамоваў – думае Кавалькова. Хто з іх мае рацыю?

«Беларусы не здаліся, мы сваім выбарам у 2020-м паскорылі палітычныя працэсы, і мы па-ранейшаму не згодныя з палітыкай рэжыму і хочам, каб сістэма змянілася. Пратэсныя настроі на вуліцах трансфармаваліся ў падтрымку адно аднаго і рэфлексію, людзі больш пачалі глядзець унутр сябе, развівацца. А працэс трансфармацыі чалавека – гэта самы галоўны працэс і хоць ён і патрабуе больш часу, але дзякуючы яму змены больш устойлівыя», – кажа палітык Вольга Кавалькова.

Сяргей Марцалеў жа сёння, праз тры гады пасля масавых пратэстаў, звяртае ўвагу на тое, што «Святлана Ціханоўская шмат у чым растраціла крэдыт народнага даверу».

«Ствараецца ўражанне, што палітыкі на эміграцыі не чуюць і не разумеюць сваіх патэнцыйных выбарцаў. Яны не разумеюць, што адбываецца ў Беларусі, яны не чуюць голасу беларусаў», – лічыць Марцалеў.

Ён задаецца пытаннем: «Каго зараз прадстаўляе Ціханоўская і яе каманда?»

Вольга Кавалькова заўважае, што дэмакратычныя палітыкі робяць усё магчымае з улікам тых рэсурсаў, якія маюць. Але найважнейшыя тыя трансфармацыі, якія праходзіць непасрэдна беларускае грамадства і кожны беларус.

Марцалеў жа заўважае, што эвалюцыйны шлях зменаў рэжыму ў Беларусы вычарпаў сябе, і застаецца толькі адно:

«Больш за тысячу чалавек прайшлі нейкія пачатковыя стадыі валодання зброяй, практычнай медыцынай. Гэта тыя людзі, якія могуць узяць у рукі зброю, каб абараняць незалежнасць, каб абараняць сваіх дзяцей».

Дыскусію глядзіце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Госці праграмы:

Сяргей Марцалеў, былы палітвязень, сябра Каардынацыйна рады палітолаг;

Вольга Кавалькова, палітык, сябра Каардынацыйнай рады.

Праграму «Двубой» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат News» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.