Колькі танкаў у Лукашэнкі?


«Калі краіна між ганьбай і вайною выбірае ганьбу, то атрымае і вайну, і ганьбу». Гэтыя словы звычайна прыпісваюць Ўінстану Чэрчылю, хаця ён гэтай фразы ніколі публічна не казаў. Хто не рыхтуецца супрацьстаяць ворагу, на таго вораг дакладна нападзе – гэта рэаліі сённяшняга жыцця. І калі ігнараваць гібрыдную вайну, абавязкова прыйдзе момант, калі вайна стане адкрытай. Сённяшняе «Глабальнае пытанне» – танкі, галоўная зброя наступу і контрнаступу.

Пуцін зноўку ўсіх «перайграў». Саюзнікі Украіны не могуць ігнараваць расейскіх ракетных атак на ўкраінскія гарады і бясконцую мясарубку каля Бахмуту. Таму замест перамоваў і замарозкі канфлікту на парадку дня – пастаўкі Украіне комплексаў паветранай абароны і такіх сродкаў наступу, якіх раней не давалі. У тым ліку натаўскіх танкаў – куды больш перадавых, чымся тыя, што выкарыстоўвае на фронце Расея.

«Не існуе канкрэтнай сістэмы ўзбраенняў, якая б стала «срэбнаю куляй». Мусіць быць баланс усіх сістэмаў. А танк – гэта канцэптуальны баланс між агнявой магутнасцю, мабільнасцю і бранёй», – патлумачыў камандуючы аб’яднанымі сіламі NATO ў Еўропе Крыстафэр Каволі.

Чэхія, Славаччына, Польшча ды іншыя блізкія суседзі ўжо аддалі Украіне некалькі сотняў сваіх танкаў Т-72. Баявыя машыны савецкага ўзору часцяком старэйшыя за танкістаў, што на іх ваююць. Цяпер жа гаворка ідзе менавіта пра заходнія бронемашыны.

«Украіну трэба падтрымаць перадачай танкаў у памеры брыгады, ці яшчэ больш», – заявіў днямі міністр абароны Польшчы Мар’юш Блашчак.

Брыгада – гэта каля сотні, а каб сфармаваць ударны кулак, трэба значна больш, і не адных толькі танкаў.

«Галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны агучыў патрэбы: 300 танкаў, каля 700 БМП, каля 500 ствалоў арт.сістэмаў. Адпаведна да гэтага – усё, што датычыцца інжынернага забеспячэння, сродкаў сувязі, сродкаў выведкі», – распавёў «Белсату» падпалкоўнік ЗСУ ў адстаўцы Мікола Саламаха.

Саюзнікі будуць скідвацца. Вялікая Брытанія перадае Украіне 14 сваіх асноўных танкаў «Challenger 2».

«На маё меркаванне, брытанскія танкі «Challenger 2» будуць на полі бою ўжо ў канцы сакавіка. Месяц-паўтара пойдзе на навучанне ўкраінскіх экіпажаў. Мяркую, што праз 2–3 месяцы пойдуць у бой першыя танкі «Leopard 2», – мяркуе аналітык Польскага інстытуту міжнародных справаў (PISM) Марцін Пётроўскі.

Чаму «Леапарды»? Бо Амерыканскія «Абрамсы» Украіне не пасуюць – зашмат клопату з абслугоўваннем і рамонтам газатурбіннага рухавіка. А «Leopard 2» – дызельны, і стаіць на ўзбраенні вялікай колькасці саюзнікаў. Таму можа пайсці ў бой ужо ў бліжэйшыя пару месяцаў.

«Польшча мяжуе з Украінай, і можа лагістычна адпраўляць нам гэтыя танкі, а таксама вывозіць іх на рамонт, аднаўленне, тэхабслугоўванне і г.д. Так значна прасцей, чым чакаць паставак “Абрамсаў” з ЗША ці чакаць усю тую самую лагістыку з Вялікай Брытаніі», – тлумачыць вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка.

«Leopard 2 A5» нямецкай вытворчасці – адзін з найлепшых варыянтаў узбраення прарыву. І ў прынцыпе яны маглі б даўно ўжо быць ва ўкраінцаў, калі б не адсутнасць палітычнай волі ва ўраду Оляфа Шольца, тлумачаць эксперты.

«Танкі «Леапард» дакладна мацнейшыя ці параўнальныя з большасцю расейскіх танкаў. Расея тут таксама мае праблемы. Нават старэйшая версія «Леапардаў» – выдатная бранятэхніка. Таму гаворка не пра нейкія звышсакрэтныя тэхналогіі «стэлс», якія могуць трапіць у рукі расейцаў. Праблема ў тым, што карыстальнікі «Леапардаў» – Польшча, Данія ці Фінляндыя – мусяць мець згоду вытворцы на іх перадачу, бо такой была ўмова іх паставак», – падкрэслівае Марцін Пётроўскі.

Украінскія механікі-кіроўцы могуць атрымаць сапраўдны тэхнічны «заапарк». Парыж разглядае магчымасць перадачы Кіеву асноўнага французскага танка «AMX-56 Leclerc». І французы ўжо вырашылі даць украінцам баявыя машыны «AMX-10 RC», вось гэтыя, на колах. Яны ўжо былі на вучэннях у суседняй Румыніі.

«Гэта баявая машына агнявой падтрымкі пехоты. І менавіта гэтая баявая машына агнявой падтрымкі можа быць вельмі эфектыўнай ва ўмовах конт-наступальных аперацыяў, штурмавых аперацыяў, калі ўжываюцца мабільныя падраздзяленні, якім неабходная сур’ёзная агнявая падтрымка», – распавядае Аляксандр Каваленка.

«AMX-10 RC» часам называюць «забойцам танкаў», але гэта і блізка не танк, падкрэслівае вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў»:

«Іх называюць лёгкім танкам, калёсным танкам, але да лёгкага танку яны не маюць аніякага дачынення, бо не маюць тракаў. А калёсныя танкі адсутнічаюць, як клас. Гэта аматары «World of Tanks» могуць думаць, што такі клас танкаў існуе, але яго няма».

«World of Tanks», пра які кажа наш эксперт – гэта сусветна вядомая кампʼютарная і мабільная гульня, створаная беларускаю кампаніяй «Wargaming». Прыклад сапраўднага поспеху беларускіх айцішнікаў.

«Сабраліся і прыдумалі гэтую гульню вельмі таленавітыя і апантаныя ідэяй гульняў. Гэта быў не першы праект кампаніі… Магчыма, на гэта наклалася савецкая спадчына, што ў кожным пасёлку стаіць па танку», – распавядае Алесь, былы інжынер якасці кампаніі «Wargaming».

У «Свет танкаў», прысвечаны бронемашынам сярэдзіны 20-га стагоддзя, у розны час гулялі 160 мільёнаў чалавек з усёй планеты. І шмат хто менавіта там шукаў тэхнічную інфармацыю пра танкі.

«У той час, калі я працаваў, у кампаніі быў вельмі вялікі штат прафесійных гістарычных кансультантаў, якія часам ездзілі па архівам, у тым ліку замежных. Яны там глядзелі канструктарскую дакументацыю на нейкія мадэлі», – тлумачыць ІТ-адмысловец.

Але, калі шчыра, адукацыйны момант быў недастатковы. Дагэтуль шмат хто блытае танк з БМП – баявой машынай пяхоты, з САУ – самаходнай артылерыйскай устаноўкай і нават з БТРам – бронетранспарцёрам. Танк адрозніваецца абавязковаю наяўнасцю гусеніцаў, гарматы і моцнай брані, ён можа хутка пераносіць агонь па гарызанталі – то бок хутка варочаць гарматай, і не прызначаны для перавозкі пяхоты. Танк – гэта перадусім зброя для прарыву абароны.

«У беларусаў цяпер у рэальным баявым шэрагу каля 200 адзінак танкаў. Гэта танкавыя батальёны тых механізаваных брыгадаў, якія ёсць у Беларусі. І яшчэ на захаванні ў Беларусі знаходзяцца каля 200 адзінак танкаў, якія Беларусь у стане прывесці ў баявую гатоўнасць на працягу года, выкарыстоўваючы свой 140-ы бронетанкавы завод», – мяркуе Мікола Саламаха, падпалкоўнік ЗСУ ў адстаўцы.

Войскі, верныя Аляксандру Лукашэнку, сёння не здольныя самастойна атакаваць Украіну, кажа Мікола Саламаха: «Танкі самі не ваююць. Трэба ствараць як мінімум наступальную групоўку 50-80 тыс. чалавек, каб дасягнуць нейкага поспеху на пэўным аператыўным кірунку. Збройныя сілы Беларусі такой колькасці тэхнікі і падрыхтаванага асабовага складу не маюць».

Каб трымаць украінцаў у напружанні, сённяшніх Узброеных сілаў Лукашэнку хапае. Але адначасова Расея вывозяць ад нас бранятэхніку.

«РФ перакідвае з тэрыторыі Беларусі боепрыпасы, снарады са складаў і цэнтраў захавання. Вывозілася тэхніка, артылерыя, у тым ліку ствольная, вывозіліся транспартныя сродкі, а таксама танкі Т-72 у колькасці каля сотні былі вывезеныя з тэрыторыі Беларусі ў Расею», – распавядае Аляксандр Каваленка, вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў».

Як паведамляе брытанская вайсковая выведка, войска пад камандаваннем начальніка Генштабу Валерыя Герасімава будзе затыкаць дзіры ва Украіне нават сваімі найноўшымі танкамі Т-14 «Армата», якія яшчэ ніколі не былі ў баі. Але рабіць гэта будуць хутчэй з прапагандысцкімі мэтамі, для агітацыі, бо мяркуецца, што тых «Арматаў» зрабілі ўсяго некалькі дзясяткаў.

Вось што кажуць жыхары Казані пра перадавы танк Т-90М «Прарыў»:

«Мы пастаўляем добрую зброю, і пытанняў быць не мусіць. Бо баявыя дзеянні выконваем».

«Мы цалкам падтрымліваем тое, што наш прэзідэнт робіць – усё, каб у нас была самая перадавая зброя для перамогі».

«Усё, што цяпер выпускаецца ў Расеі ў вялізных маштабах, цалкам магутнае і можа даць адлуп тым, хто прэтэндуе і спрабуе парушыць камфорт нашай радзімы».

«Пра танкі я зусім нічога не ведаю, хаця ў мяне сын вельмі гэтым цікавіцца, але не».

А беларусы, якія стваралі вясёлую гульню ў танкавую вайнушку, пасля лютага 2022 года ўсё яшчэ ў шоку ад падзеяў.

«Мяне ад пачатку вайны цікавіць пытанне, на якое я не маю адказу: наколькі папулярнасць гульні, да якой я быў датычны, як яна паўплывала на

мілітарысцкія настроі», – кажа былы інжынер якасці кампаніі «Wargaming» Алесь.

Хоць такія цяпер часы, але ў «Глабальным пытанні» мы распавядаем не толькі пра вайну.