Закон, што апярэдзіў свой час. Да 435-годдзя Трэцяга статуту ВКЛ


Чаму беларусы такія законапаслухмяныя? Сакрэт у адным з найвядомейшых кодэксаў законаў свету, прынятым 435 гадоў таму – Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Як і ў якіх абставінах Трэці статут ВКЛ быў створаны і ў чым яго значэнне?

У 1588 годзе ў Вялікім Княстве Літоўскім на старабеларускай мове пабачыў свет адзін з самых вядомых і доўгатрывалых зборнікаў законаў, які параўноўваюць з канстытуцыямі – Трэці статут. Але яго прыняцце было няпростай справай, бо ў 1569 годзе на фоне Лівонскай вайны з Маскоўскім царствам Івана Грознага нашыя продкі пайшлі на заключэнне ўніі з Польскім каралеўствам. Узнікла праблема, што саюзнік можа проста паглынуць ВКЛ, чаго не хацеў дапусціць канцлер Яўстафій Валовіч.

«Канцлер ВКЛ Яўстафій Валовіч пры падтрымцы буйнай шляхты стаў пісаць новую рэдакцыю Статуту ВКЛ, якая мусіла абараніць нашае княства ад паглынання саюзнікам. Але канцлер – чалавек заняты, гэта як прэм’ер-міністр сучасны… І можа, гэтая справа так і не была б завершаная, каб у камандзе канцлера не з’явіўся новы чалавек», – распавядае вядоўца праграмы «Вусы Скарыны» Цімох Акудовіч.

Такім чалавекам стаў Леў Сапега, які прыклаў свае шматлікія таленты да з’яўлення найбольш дасканалага на той час зборніка законаў.

«Статут аказаўся вельмі перадавы для свайго часу: уводзіліся жорсткія пакаранні за забойства прасталюдзіна, абараняліся правы жанчын, уводзіліся прынцыпы верацярпімасці, адвакатура і прэзумпцыя невінаватасці (і гэта ў XVI стагоддзі). І нават былі правілы абароны прыродных рэсурсаў дзяржавы. Такое ўвогуле было ўпершыню ў Еўропе», – адзначае Цімох Акудовіч.

Але як адбывалася праца над Трэцім статутам ВКЛ? Якія складанасці паўсталі перад Львом Сапегам падчас яе – і пры чым тут выбары? Адказы шукайце ў новым выданні праграмы «Вусы Скарыны».

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Белсат; Wikimedia Commons