Ціханоўская – «пераемніца ідэяў БНР» або «рука Масквы»?


Ідэі БНР ужо перамаглі: Беларусь не стала часткаю «мацерыковай Расеі», але застаецца ёй падпарадкаванай, сцвярджае Пётра Рудкоўскі. Ідэі БНР яшчэ мусяць перамагчы, але «рэвізія» старых ідэяў хавае і небяспеку, мяркуе Вячаслаў Сіўчык. Хто з іх мае рацыю?

Тэма «Двубою» з Віталём Цыганковым – «Спадчына Беларускай Народнай Рэспублікі. Перамаглі або прайгралі ідэі БНР у сённяшняй Беларусі?»

«Вельмі важны праект, паспяховы з улікам тых абставінаў, вельмі паспяховы, я б сказаў. Гэта тое, што задало тон на дзесяцігоддзі і стагоддзі. Без абвяшчэння БНР бальшавікі б не стваралі БССР, без БССР ніхто б у 1990-ыя гады не змог абвясціць Рэспублікі Беларусь», – тлумачыць палітолаг Пётра Рудкоўскі.

Палітык Вячаслаў Сіўчык мяркуе, што ідэям БНР усё ж яшчэ неабходна перамагчы ў Беларусі, але ёсць вялізныя цяжкасці ў выглядзе Расейскай Федэрацыі на чале з «расейскім Лукашэнкам» Уладзімірам Пуціным.

«І цяпер вельмі цяжкі момант, таму што далей будзе яшчэ горш», – лічыць Вячаслаў Сіўчык.

У чым падабенства Кабінету Святланы Ціханоўскай і Рады БНР, што дзейнічаюць у выгнанні? Як, на думку Вячаслава Сіўчыка, выглядала «рэвізія» беларускай ідэі і яе выкарыстанне з боку  Аляксандра Лукашэнкі і расейца Міхаіла Бабіча? І калі, нарэшце, Беларуская Народная Рэспубліка зойме пачэснае месца ў падручніках гісторыі? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Госці праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым:

Пётра Рудкоўскі, акадэмічны дырэктар BISS

Вячаслаў Сіўчык, лідар руху салідарнасці «Разам»

Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube

Калаж з фота: Белсат; president.gov.by