Абаронцу Курапатаў далі штрафаў на 56 тысяч. Ліст Насты Лойкі да сабакі Эрыка


Лявон Кулакоў – адзін з абаронцаў Курапатаў, неаднойчы трапляў за краты. Вячаслаў Сіўчык заклікае падтрымаць Кулакова, які апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Таксама ў праграме падзяка нашым гледачам ад Насты Лойкі і ліст палітзняволенай да яе сабакі Эрыка.

Лявон Кулакоў – актывіст «Еўрапейскай Беларусі», абаронца Курапатаў. Ён быў улетку 2018 года разам з Паўлам Севярынцам, Дзянісам Урбановічам, Нінай Багінскай ды іншымі.

Падчас акцыяў пратэсту супраць адкрыцця рэстарацыі «Поедем поедим», збудаванай побач з урочышчам, дзе адбываліся масавыя расстрэлы, на Кулакова наўмысна наехаў аўтамабіль, пасля чаго Лявон атрымаў закрыты пералом. За сваю дзейнасць актывіст атрымаў штрафы на 1528 базавых велічынь, якія цяпер вылічваюць з яго пенсіі. Агулам ён адсядзеў 115 содняў за кратамі, дзе яго катавалі. Практычна зараз ён знаходзіцца без сродкаў да існавання. У сувязі з чым палітык Вячаслаў Сіўчык, лідар руху «Разам», заклікае дапамагчы Кулакову.

«Курапаты – гэта наш нацыянальны некропаль, нашая трагедыя, бо мы адзіная нацыя, якой да гэтага часу не дазволена ведаць ні колькасці ахвяраў камуністычнага тэрору, няма доступу ў архівы, няма інфармацыі нават родным, дзе нелюдзьмі былі забітыя нават іхныя блізкія родзічы», – тлумачыць значэнне Курапатаў для беларускага народу Вячаслаў Сіўчык.

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 30 да 250 тысяч чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Беларус беларусу
Насту Лойку катуюць у няволі
2023.02.03 15:30

Калі сярод вас ёсць тыя, хто хацеў бы падзяліцца сваімі гісторыямі альбо падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) – лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрыманне і перамога.

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.