Імавернасць уступлення Беларусі ў вайну моцна павялічылася. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Як Крэмль прынізіў Аляксандра Лукашэнку

Аляксандра Лукашэнку «апусцілі» да ўзроўню Дзяніса Пушыліна, кіраўніка гэтак званай Данецкай Народнай Рэспублікі. Паказалі ягонае месца, так бы мовіць. Лукашысцкая прапаганда паказала сустрэчу незаконнага прэзідэнта Беларусі з абвешчаным у вышук ва Украіне Дзянісам Пушыліным. Гэта справаздача пра публічнае прыніжэнне Лукашэнкі, які лічыць сябе законна абраным кіраўніком незалежнай дзяржавы. Чаму Лукашэнка сустрэўся з адыёзнай расейскай марыянеткай, хаця раней гэтага пазбягаў? Яго прымусілі, ці гэта ягоны выбар? Разбіралася Ірэна Кацяловіч.

Украінскі дэпутат: «Імавернасць уступлення Беларусі ў вайну вельмі моцна павялічылася»

Інтэрв’ю Змітра Міцкевіча з Багданам Яроменкам, дэпутатам Вярхоўнай Рады Украіны, сябрам міжфракцыйнай кааліцыі «За дэмакратычную Беларусь». Кааліцыя займаецца кантактамі з беларускай дэмакратычнай супольнасцю, падтрыманнем палка Каліноўскага і развязаннем праблемаў беларусаў ва Украіне.

«Дзіўна, што беларусы хочуць атрымаць літоўскае грамадзянства?» Інтэрв’ю з літоўскім палітолагам

Пра новы літоўскі закон, які рэгулюе правы грамадзянаў Расеі ды Беларусі, распавядае Віціс Юрконіс, літоўскі палітолаг, выкладчык Інстытуту міжнародных дачыненняў Віленскага ўніверсітэту.

Што Лукашэнка хоча прабіць у Венгрыі?

Чаму Венгрыя падтрымлівае добрыя дачыненні з рэжымам Лукашэнкі? Гэта адзіная дзяржава NATO і Еўрапейскага Звязу, міністр якой, Петэр Сіярта, наведвае Менск, а лукашэнкаўскі міністр замежных справаў Сяргей Алейнік у адказ наведвае Будапэшт. Якія інтарэсы аб’ядноўваюць дзяржавы з чырвоным, белым і зялёным колерамі на сцягу? Чаму міністр Алейнік дазваляе сабе антызаходнія заявы на тэрыторыі NATO? Сюжэт Юліі Лабанавай.

Чаму Пуцін раздаў генералам іконы?

Расейскім акупантам застаецца толькі маліцца перад контрнаступленнем Украіны. Магчыма, менавіта таму Пуцін прывёз сваім генералам праваслаўныя іконы, а не цяжкую зброю і боепрыпасы. Насамрэч гэта нават не арыгіналы, а копіі рэліквіі, якая некалі належала, паводле Пуціна, аднаму з самых тытулаваных міністраў абароны Расейскай імперыі ў XIX ст. Можа, прыкладанне гэтых абразоў да танкаў выратуе расейскае войска ад немінучага разгрому, які вымалёўваецца ўсё больш выразна?

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясоюглядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook ! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн,на YouTube-канале і на нашай старонцы.