«Дыктатура – і кропка». Фастфуд забралі алігархі


Яго любяць да бяспамяцтва, або ненавідзяць ажно да экстрэмізму. Яго называюць пагрозай для здароўя, і ім жа лекуюцца ад пахмелля ці ад няшчаснага кахання. Сённяшняе «Глабальнае пытанне» – фаст-фуд, канцэпцыя «хуткай ежы». Гэта шкодна ці не, і чаму палітычныя справы могуць пакінуць нас без бульбы-фры?

Апошнія палітычныя навіны з прысмакам карупцыі. Рэстараны хуткай ежы ў Беларусі, якія раней належалі сетцы «Макдоналдс», цяпер належаць людзям, блізкім да Аляксандра Лукашэнкі. Прынамсі, выданне «Наша Ніва» са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што «Макдоналдсы» кантралюе тытунёвы алігарх Аляксей Алексін, завязаны ў кампаніі «Інтэр-Табако», «Белнафтагаз» і «Энерга-Ойл-Інвест». Алексіну належаць знакамітыя «Табакеркі» – цыгарэтныя кіёскі, што стаяць на кожным кроку.

«Я ж вам на прыкладзе «Макдоналдса» гэта казаў. Працаваў і працуе. І людзі прыходзяць. І прадукцыю робяць нармальную. Але гэта ўжо нашае прадпрыемства», – так на пачатку мінулага тыдня Аляксандр Лукашэнка загадваў чыноўнікам праводзіць нацыяналізацыю замежных прадпрыемстваў і забіраць маёмасць, не чакаючы дакументаў.

Гаворка перадусім пра фірмы, што сыходзяць з беларускага рынку з прычыны вайны Расеі супраць Украіны.

«Я не думаю, што Алексін будзе сам чымсьці там кіраваць. Хіба што застануцца тыя ж менеджары, ажно да працаўнікоў унізе», – заснавальнік кансалтынгавай кампаніі «Skoll» Аляксандр Валодзін.

Паводле Гандлёвага рэестру Беларусі, «Макдоналдсы» афіцыйна пераймяноўваюць у «КСБ Віктары Рэстараны». Гэтая кампанія афіцыйна пакуль належыць Кайрату Баранбаеву з клану першага казахскага прэзідэнта Нурсултана Назарбаева. Баранбаеву пакуль не да беларускага бізнесу – з вясны ён сядзіць у казахскім СІЗА, арыштоўваюць і ягоных сваякоў.

А яшчэ напрыканцы лістапада інтэрнэт-старонка «Макдоналдсу» ў Беларусі стала інтэрнэт-старонкай ksbv.by, падобна на «КСБ Віктары Рэстараны». Тут меню, як у «Макдоналдсе», толькі зусім без лагатыпаў і без фірменных назваў. Проста безыменная фірма прадае безназоўную бульбу.

«Я пагаджуся, што гэта выглядае, як перадзел бізнесу. І чым больш у нас працягваецца палітычны крызіс, які працягваецца з 2020 году, тым на жаль больш будзе такіх сітуацыяў, дзе ўлады будуць адбіраць сумленны прыватны бізнес», – падкрэслівае прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч.

Як нагадвае Алесь Аляхновіч, дэвіз сённяшняга рэжыму – «часам не да законаў». А па-другое, грошай у бюджэце не большае, а карміць сілавікоў трэба.

Навіна пра поўны сыход «Макдоналдсаў» выклікала спрэчкі ў грамадстве. Спрэчкі пра густы. Хтосьці ўзгадвае свой дзень народзінаў, адсвяткаваны там у дзяцінстве. Іншыя кляймяць усё, што фаст-фудам завецца. Але наколькі справядлівая нелюбоў да хуткай ежы?

Чаму ў свядомасці вялікай колькасці людзей класічны бургер з фаст-фуду – гэта абавязкова шкодная ежа? І як катлета з гароднінай, сырам і хлебам, пакладзеная на талерцы, чароўным чынам ператвараецца ў карыснае і здаровае харчаванне?

Па-першае, варта адрозніваць фаст-фуд – ежу хуткага прыгатавання без сталовых прыбораў, стрыт-фуд – усё, што можна купіць і зʼесці проста на вуліцы, і так званы джанк-фуд – высокакаларыйную ежу, дзе шмат цукру і тлушчаў, але мала клятчаткі, вітамінаў і мінералаў.

«Такая ежа ўтрымлівае вельмі шмат хуткіх вугляводаў, то бок такіх вугляводаў, якія маментальна падвышаюць узровень інсуліну ў крыві. Адпаведна, расце і цукар. Гэта ежа багатая халестэрынам, багатая гідрагенізаванымі тлушчамі, то бок канцэрагенамі», – тлумачыць вядомая кіеўская дыетолаг Ларыса Бойчанка.

Ларыса Бойчанка папярэджвае: пячонка і падстраўнікавая залоза не даруюць вам штодзённай бульбы фры, куркі ў фрыцюры і салодкай газіроўкі зверху. Але не ўсё, што гатуюць хутка, абавязкова шкодзіць здароўю.

«Калі вы робіце бутэрброд з хлеба цэльназерневага, з рознай гародніны, зеляніны – гэта карысны бутэрброд, і гэтая ежа карысная», – тлумачыць спецыялістка.

Фаст-фуд можа быць і нацыянальна свядомым, прынамсі ў назве. У Менску з 1992 па 2016 год паспяхова працавала сетка кіёскаў «Хутка-смачна», дзе прадавалі хадун, златку і кілбасу «Вясковую». Зʼеў – і хадзі цэлы дзень! Хаця былі нюансы.

«Цуд гэтага «Хутка-Смачна» быў у тым, што нідзе ў горадзе нельга было купіць піва, акрамя кропкі «Хутка-Смачна». І людзі ішлі ў шапік за гэтым півам», – прыгадвае Аляксандр Валодзін.

«Хутка-смачна» знікла, бо змянілася культура спажывання, прыйшлі іншыя брэнды, распавядае Аляксандр Валодзін. Падчас стварэння кампаніі «Monkey food» яму даводзілася паляваць на рынку працы на спецыялістаў з замежных сетак фаст-фуду.

«Гэта быў не толькі «Макдональдс», гэта быў і «Доміноʼс Піцца», і «Бургер Кінг», і іншыя… У нас была задача зрабіць веганскі фаст-фуд», – распавядае былы дырэктар «Monkey food».

Кваліфікаваны менеджмент – аснова поспеху. Хаця збоку ўсё выглядае зусім проста.

«Мы самі мусім рабіць тое, што калісьці рабіў гэты «Макдональдс», і нават лепш. У нас што, булачку напалову не могуць разрэзаць і ўпіхнуць у гэтыя дзве паловы кавалак мяса, бульбы і салаты?» – паказушна здзіўляўся Лукашэнка, выступаючы 18 лістапада.

«Макдональдс існуе дзесяцігоддзямі. Там адшліфаваныя працэсы, і працэсы паставак бульбы, і працэсы вытворчасці, працэсы фінансавыя. І працэсы выбару лакалізацыі», – нагадвае Алесь Аляхновіч.

А каб наладзіць гэтыя працэсы, трэба істотныя інвестыцыі. Іначай будзе не прадукт, а халтура.

«У Манкі-Фудзе мы зрабілі самы танны веганскі бургер, але мы рабілі яго паўгода. Паўгода пастаянных эксперыментаў, каб запусціць адзін бургер, табе трэба выкінуць вялізную суму грошай», – узгадвае заснавальнік кансалтынгавай кампаніі «Skoll» Аляксандр Валодзін.

Той жа «Макдоналдс» вядзе сваю гісторыю з пасляваеннага часу. Ён заваяваў амерыканскі рынак сваёй уласнаю канцэпцыяй хуткага харчавання і яскравай рэкламай.

Калі ў Штатах стала цесна канкураваць з іншымі сеткамі фаст-фуду, франшыза выйшла на міжнародны рынак – ад Канады да В’етнаму, і заваявала амаль усе кантыненты. На сёння ў свеце каля 40 тысяч рэстаранаў «Макдоналдс». Праўда, Расея і Беларусь сёлета сталі чорнымі плямамі на мапе – «Макдоналдс» сышоў, каб не мець нічога агульнага з вайной.

Хаця 32 гады таму адкрыццё «Макдоналдсу» у сталіцы Савецкага Саюзу было культурным шокам для грамадзянаў.

«Перад Макдональдсам была чарга, калі яе выпрастаць, у 2-3 км», – прыгадвае музыка Піт Паўлаў. Ён адным з першых наведаў першы савецкі «Макдон» у Маскве. Запомніў адчуванне кантрасту са сталоўкамі.

«Калі з’явіліся Макдональдс і Піцца Хат, мне падалося, што я ніічога смачнейшага ў жыцці не еў… Гэта было менавіта яно – фізічны дотык да цуду вольнага свету», – узгадвае легендарны рок-музыка.

«Цуд Макдональдса не ў тым, што калі вы прыйшлі, вам хутка прыгатавалі. А ў тым, што калі вы прыйшлі, вашая ежа ўжо гатовая. Ваш бургер ці бульба вас чакаюць. Ёсць выбарка статыстыкі, і яны вызначаюць, у які час што трэба прыгатаваць», – тлумачыць прынцыпы працы сеткі Аляксандр Валодзін.

У Беларусі »Макдоналдс« зʼявіўся ў 1996-м і таксама быў першым з гігантаў фаст-фуду. Людзі плацілі ў тым ліку за брэнд, кажа эканаміст Алесь Аляхновіч: «Калі Макдоналдс быў толькі адзін у Менску, то людзі з рэгіёнаў прыязджалі. І гэта заўжды быў пункт школьнай паездкі».

«Паход у Макдоналдс быў рэччу статуснай. Па-першае, гэта не было танна. Паход у Макдоналдс можна было параўнаць з паходам у звычайную рэстарацыю», – нагадвае Піт Паўлаў.

Сёння справы ў карпарацыі не такія і добрыя. У публічных справаздачах »Макдоналдс« дэманструе толькі прыросты і прыбыткі, але рынак мяняецца.

Калі паглядзець статыстыку, то за 20-ы і 21-ы гады «Макдоналдсаў» адчувальна больш стала ў Кітай, троху новых рэстаранаў адчынілася ў Японіі ды Францыі, але ў ЗША, Канадзе і Нямеччыне «Макдоналдсы» зачыняюцца.

А ў Расеі ўсе 850 гандлёвых пунктаў прадалі – і з чэрвеня там замест «Макдоналдсу» – сетка з агрэсіўнай назвай «Вкусно и точка».

«Гаворка не пра тое, што яны неяк удзельнічаюць у нашым бізнесе – не, гэтага ўжо няма. Але мы ўзялі пэўныя абавязальніцтвы. У нас знікнуць пэўныя гатункі харчоў, цалкам пройдзе дэбрэндзінг Макдональдса», – тлумачыў генеральны дырэктар «Вкусно и точка» Алег Пароеў.

Першы час пасля рэбрэндынгу наведнікі скардзіліся то на плесню ў булачках, то на мурашак у бургеры. А як цяпер?

Вось што кажуць жыхары і госці Калінінграду:

«Можа, бульба памянялася. Горш стала. У астатнім тое самае… Абслугоўванне горш стала трохі. Павольней працуюць. Па коштах трохі даражэй стала».

«Даражэе, але лагічна, што даражэе. Прадукцыя сканчаецца. Але пытанняў няма ніякіх».

«Кока-кола іншая, цяпер Кола Добрая».

«Засталося тое самае, проста замянілі на нашае, рускае».

«І вельмі добра, што ўладальнік менавіта расейскі. Гэта нас задавальняе».

Пагаршэнне якасці непазбежнае, тлумачыць Аляксандр Валодзін: «Гэта і стандарты працы людзей, і карпаратыўная культура, і дастаткова складаны працэс. Па вялікім рахунку, гэта як завод: калі адно звяно выпускаеш, то ўсё пачынае валіцца, як эфект даміно».

Новыя ўладальнікі, хутчэй за ўсё, купілі кнігі з тэхпрацэсамі ды стандартамі працы ды захавалі работнікаў «Макдоналдсу». Але каб трымаць якасць на агульным узроўні, трэба ўвесь час адаптавацца да зменаў у свеце, а гэта зноўку – вялізныя выдаткі, толькі раней на гэта грошы траціў галоўны офіс.

«Вось пачаў выходзіць брак – недапечаная булка. Гэтая праблема ідзе ў цэнтр, і там з ёй працуюць. Праводзяць досведы, эксперыменты», – распавядае прынцып працы карпарацыяў заснавальнік кансалтынгавай кампаніі «Skoll».

А гэтага Расея і Беларусь цяпер не могуць паўтарыць.

Затое ва Украіну, якая адбівае расейскі напад, «Макдоналдс» пасля вясновых уцёкаў вярнуўся амаль што з трыумфам. Людзі зноўку стаялі ў вялікіх чэргах па бургеры з колай і бульбу-фры.

«Гэта не пра ежу і не пра рэстарацыю. Гэта пра мірнае жыццё… Макдональдс стаў сімвалам: усё наладзіцца, усё вернецца. Калі Макдональдс вяртаецца, то мы дакладна пераможам, і ўсё будзе па-ранейшаму і нават лепш», – тлумачыць Ларыса Бойчанка.

Але, як нагадвае ўкраінскі дыетолаг, вярнулася і шкодная звычка есці шмат хуткіх калорыяў, белай булкі з мясам.

Спадарства, вядома, варта сачыць за здароўем. Бо працэсы ў арганізме, як бізнес-працэсы ў фірме ці сістэма кіравання ў дзяржаве, могуць пайсці ў разбуральны бок. Лепш да гэтага не даводзіць, бо выпраўляць наступствы будзе значна цяжэй.