Беларус напісаў больш за 20 тысяч артыкулаў у «Вікіпедыі»


Беларускамоўны гід у Варшаве, падрабязней – у праграме «Беларускі свет»:

Напярэдадні 2023 года Антон Дзеручэнка, 26-гадовы нарадзінец Светлагорску, упершыню апынуўся за мяжой: мусіў уцякаць ад пераследу. І ўжо праз паўгода жыцця ў Польшчы пачаў праводзіць для суайчыннікаў экскурсіі па-беларуску па варшаўскіх славутасцях і музеях, апавядаць пра блізкасць гісторыі і культуры нашых народаў і краінаў.

«Я жыў з такой думкай: што б ні адбылося, я ніколі не з’еду з Беларусі. За дзень да Новага года мне патэлефанавалі і запрасілі ў міліцыю. […] Першае, што пачаў – здымаць відэа пра Варшаву для TikTok і YouTube. Пра гісторыю Польшчы, пераважна на беларускай мове, і пра Беларусь».

Антон мае адукацыю юрыста і выкладчыка, а таксама разнастайныя энцыклапедычныя веды. Ён напісаў больш як 20 тысяч артыкулаў у беларускай «Вікіпедыі». А яшчэ ён апантаны вандроўнік: аб’ехаў сваім роварам і сфатаграфаваў шмат цікавых мясцінаў у Беларусі, пра якія распавядае цяпер у сацыяльных сетках.

Галоўная цяжкасць – фінансавая: каб весці асветніцкую дзейнасць і дзяліцца гэткімі багатымі ведамі, патрэбныя сродкі, якіх сёння актывісту не стае. Таму для дапамогі Антону Дзеручэнку адкрытая старонка на платформе «Хуткая ўзаемадапамога», праз якую энтузіясту можна дапамагчы.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Беларуская народная амбасада ў Швецыі
  • Пачуць Шапэна і Рахманінава на акцыях салідарнасці з Беларуссю за мяжою

belsat.eu