Міхал Эльвіра Андрыёлі. Як паўстанец і шпіён стаўся сусветна вядомым мастаком


Міхал Андрыёлі браў удзел у баявых дзеяннях у паўстанні 1863–1864 гадоў, уцёк з-пад арышту, але вырашыў вярнуцца, каб ізноў пачаць барацьбу. Сябраваў з Каліноўскім, вучыў братоў Васняцовых і праславіўся ілюстраваннем твораў Купэра і Міцкевіча.

«Адарваны ад радзімы, ён здолеў шмат зрабіць для мастацкага пашырэння яе гістарычнага вобразу. Утульнасць і шляхетная гасціннасць Наваградчыны ў «Пану Тадэвушу», габрэйскае жыццё ў творы Элізы Ажэшкі, змрочныя лёхі Крэўскага замку і крывавы бой паўстанцаў пад Лідай – на ўсё гэта мы цяпер глядзім вачыма мастака, які сам у сваім жыцці перажыў шмат і здолеў перанесці свае эмоцыі на паперу. Паралельна, нібы іграючы, віленскі італьянец узбагаціў яшчэ амерыканскую і расейскую культуру. Міхал Андрыёлі – яшчэ адна асоба ў скарбонку нашых герояў, ахвяраў паўстання 1863 года, якія нібыта прайгралі тады, але па выніку перамаглі, бо змаглі раскрыць свой талент напоўніцу», – распавядае вядоўца праграмы «Вусы Скарыны» Цімох Акудовіч.

Міхал Эльвіра Андрыёлі (1836–1893) нарадзіўся ў сям’і італьянца, удзельніка Вялікай арміі Напалеона. Пасля няўдалага паходу супраць Расейскай імперыі Франчэска Андрыёлі застаўся ў Вільні, завёў сям’ю, скончыў мясцовы ўніверсітэт і распісваў касцёлы ў Літве і Беларусі. Міхал жадаў стаць мастаком, як ягоны бацька, але Франчэска быў супраць і прымусіў сына стаць доктарам – паступіць на медычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэту. Але з медычнаю навукай у Андрыёлі не склалася, бо цягнула яго да мастацтва. І ён стаў маляваць, ды не проста ў стол, а для заробку.На заробленыя маляваннем грошы Міхал вырашыў выправіцца на радзіму бацькі – у сонечную Італію, дзе ў 1860 годзе адбылася знакамітая Экспедыцыя тысячы на чале з Джузэпэ Гарыбальдзі.

«Гэтая падзея, калі тысяча чалавек пачала аб’яднанне цэлай краіны, вельмі натхніла патрыётаў з Рэчы Паспалітай. Андрыёлі вяртаецца на радзіму, дзе якраз пачынаўся рух за вызваленне», – працягвае Цімох Акудовіч.

Чаму Міхал Андрыёлі далучыўся да рэвалюцыйных гурткоў у Вільні, на чале якіх стаяў Кастусь Каліноўскі? Як ён змагаўся ў атрадзе Людвіка Нарбута на Лідчыне разам з Францішкам Багушэвічам? Якім чынам Андрыёлі ўцёк з царскай турмы і выправіўся ў Парыж? Чаму вырашыў вярнуцца ў 1866 годзе і трапіў у ссылку, дзе пазнаёміўся з братамі Васняцовымі? Як ён пасля гэтага здолеў стацца сусветна вядомым ілюстратарам кніг, у тым ліку Фэнімора Купэра і Адама Міцкевіча? Адказы шукайце ў новым выданні праграмы «Вусы Скарыны».

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.