Беларусы ў складзе Арміі Краёвай


У 2022 годзе рэжым Лукашэнкі працягваў рэпрэсіі не толькі супраць уласнага народу, але і яго гістарычнай памяці. У ліку ахвяраў – помнікі Арміі Краёвай. Чаму рэжым узяўся за іх? Чым была Армія Краёва і як яна звязаная з беларусамі?

У 2022 годзе ў Беларусі былі знішчаныя некалькі месцаў памяці Арміі Краёвай, якая дзейнічала на Гарадзеншчыне ў гады Другой сусветнай вайны.

«Можна паспрабаваць перапісаць гісторыю і вынішчыць памяць пакаленняў, але пакуль мы не маўчым, праўдзівая памяць народаў Міжмор’я жыве», – гаворыць вядоўца праграмы «Intermarium» Наста Ільіна.

«Цяперашнюю палітыку да польскіх вайсковых пахаванняў нельга разглядаць у адрыве ад тых падзеяў, якія адбываліся ў Беларусі апошнімі гадамі. У 2020 годзе ў час пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў рэжым Лукашэнкі перажыў фрустрацыю, калі пабачылі масы народу супраць сябе», – тлумачыць гісторык Алесь Пашкевіч.

Могілкі жаўнераў Арміі Краёвай сталі ахвярай пошуку вонкавага ворага («замежных лялькаводаў») як найбольш лёгкага спосабу патлумачыць пралікі рэжыму Лукашэнкі: «Паколькі свае ўласныя памылкі ён прызнаваць няздатны, нясхільны, ён і не збіраецца праводзіць ніякіх унутраных зменаў, унутраных рэформаў. То, натуральна, ёсць вялікая спакуса, і гэта практычна рэалізуецца, усё спісаць на знешні фактар».

Але што насамрэч уяўляла з сябе Армія Краёва?

«Адной з мэтаў, асабліва пасля вайны, было змаганне АК за польскую дзяржаву, у якой маглі б прайсці свабодныя дэмакратычныя выбары, у якой самі людзі, самі грамадзяне будуць абіраць таго, хто найлепш будзе імі кіраваць. Людзі, якія загінулі ў імя такіх дэмакратычных ідэалаў, для кожнага дыктатара, нават пасля смерці, уяўляюць пагрозу», – тлумачыць прафесар Гжэгаж Матыка.

Армія Краёва была падпольнай арміяй Польскай дзяржавы. З першага да апошняга дня яна змагалася супраць нацыстаў. Найважнейшы прыклад гэтага змагання – Варшаўскае паўстанне. Але істотны ўнёсак, заўважае Гжэгаж Матыка, АК зрабіла ў выведку, у тым ліку наконт ракетаў «Фаў-1» і «Фаў-2», якія бамбілі гарады Брытаніі.

Прафесар Ярослаў Валканоўскі распавёў пра дзейнасць Арміі Краёвай на Віленшчыне і Наваградчыне, найперш пра атрад Кміціца (Антонія Бужынскага), вынішчаны савецкімі партызанамі.

«Камандаванне пісала ў рапартах, што да 40 % гэтых батальёнаў АК на Наваградчыне складалі беларусы», – гаворыць Ярослаў Валканоўскі.

Але чаму беларусы ішлі ў шэрагі польскай падпольнай арміі?

«Тое, што беларусы ішлі ў АК, залежала ад таго, як яны ўяўлялі будучыню і ў якім ладзе хацелі жыць. АК разглядалася як частка заходняга свету. АК разглядалася як польскія жаўнеры. Так іх успрымалі брытанцы ці амерыканцы. У іх былі тыя ж правы, што ў жаўнераў амерыканскай ці брытанскай арміі», – тлумачыць прафесар Рафал Внук.

Чаму старонкі супрацы Арміі Краёвай з савецкімі партызанамі замоўчваюцца рэжымам Лукашэнкі? Якія карныя акцыі праводзіў НКВД супраць АК і што такое «Аўгустоўская аблава»? Як АК дзейнічала на Валыні і як на тэрыторыі Беларусі? Што за рэйд Бурага, які чорнай плямай ляжыць на АК у Беларусі і як да яго адносяцца польскія гісторыкі? Як варта разважаць пра складаныя гістарычныя падзеі, каб не крыўдзіць суседніх народаў?

Адказы шукайце ў новым выданні праграмы «Intermarium» з Настай Ільіной.

Госці «Intermarium»:

Ярослаў Валканоўскі (Літва) – прафесар, гісторык, віленская філія Беластоцкага ўніверсітэту

Алесь Пашкевіч (Беларусь) – гісторык, публіцыст

Гжэгаж Матыка (Польшча) – прафесар, гісторык, палітолаг, Інстытут паліталагічных навук, Польская акадэмія навук

Рафал Внук (Польшча) – прафесар, гісторык, Каталіцкі ўніверсітэт у Любліне

Вядоўца праграмы «Intermarium» – гісторык, кандыдатка гуманітарных навук Наста Ільіна.

Belsat.eu