Рэпрэсіі Лукашэнкі зрабілі БЧБ модным


Спалучэнне белага і чырвонага ў лукашэнкаўскай Беларусі забароненае ды ёсць падставаю для рэпрэсіяў. Дызайнеркі Вольга Кучарэнка і Анна Прышывалка выкарысталі нацыянальныя колеры ў сваім новым праекце «Яднанне».

Пасля падзеяў 2020 года спалучэнне белага і чырвонага зразумелыя кожнаму беларусу. Менавіта так лічыць Вольга Кучарэнка, якая ў Беларусі шыла адзенне. Цяпер яна працягвае гэтую працу ў Польшчы, дзе разам з Аннаю Прышывалка яны стварылі праект «Яднанне» і прэзентавалі калекцыю ў Музеі вольнай Беларусі. У калекцыі спалучаныя элементы, якія цягам апошніх двух гадоў сталі вядомыя кожнаму беларусу, разам з нашымі агульнымі «болем і радасцямі».

«У 2020 годзе ўсё стала магчыма, бо мы ўбачылі, колькі нас стаіць у чэргах, каб паставіць подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў. І мы зразумелі, што ўсе мы думаем пра адно і хочам аднаго. І нас проста агромністая колькасць», – заўважае Вольга Кучарэнка.

«Цяпер творчым людзям вельмі важна працягваць тварыць, рэфлексаваць на тэму таго, што адбываецца ў нашай краіне. Ёсць такое меркаванне, што Беларусь страціла шмат творчых людзей. Не страціла. Проста мы вымушаныя цяпер працягваць ствараць на іншай тэрыторыі, але наш унёсак – гэта ўнёсак у менавіта ў беларускую культуру, беларускае сучаснае мастацтва», – адзначае Анна Прышывалка.

Чым натхняліся дызайнеркі пры стварэнні праекту «Яднанне»? Чаму лічаць спалучэнне белага і чырвонага колераў актуальным для беларусаў менавіта сёння? Як яны ўяўляюць працу творчых беларусаў? І ці праўда, што пасля 2020 года мы больш страцілі, чымся набылі?

Таксама ў новым выданні «Беларускага свету»:

  • Кацярына дапамагае беларусам уладкоўваць юрыдычныя праблемы і побытавыя пытанні, звязаныя з наладжваннем жыцця ў Швейцарыі.
  • Ганну ў Вроцлаў прывяло каханне. Віктар з’ехаў туды пасля пратэстаў у Беларусі. Разам яны ладзяць нядзельныя вечарыны на плошчы, дзе вучаць традыцыйным беларускім танцам.

Праграму «Беларускі свет» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube.