Беларусь стане новым фронтам у вайне Пуціна супраць Украіны? «ПраСвет» з Алінаю Коўшык


Тэмы праграмы:

Лукашэнка можа прадаць частку Мазырскага НПЗ Азербайджану. Навошта яшчэ ён лётаў у Баку?

Аляксандр Лукашэнка дазволіў сабе вылецець на 2 дні за мяжу. За апошнія 8 месяцаў пасля выбараў ён лятаў толькі да Пуціна. У Баку было ўсё, як дыктатар любіць: прыём на дзяржаўным узроўні ды шмат увагі. Разам з Ільхамам Аліевым ён падпісаў цэлы стос дакументаў аб супрацы ў сельскай гаспадарцы, турызме, энергетыцы і нафтавай сферы. Аднак навошта насамрэч лятаў у сталіцу Азербайджану беларускі дыктатар? І як можа выглядаць двухбаковая супраца? Разбіраўся Зміцер Міцкевіч.

Беларусь перапрадае зброю праз азербайджанскія структуры ў іншыя дзяржавы. Інтэрв’ю з Арыфам Мэмэдавым, былым амбасадарам Азербайджану ў Бельгіі ды Еўразвязе

«Далей так нельга. Палітычныя арышты, рэпрэсіі прымусілі мяне сысці з урадавай структуры і перайсці на бок народу», – тлумачыць сваё рашэнне Арыф Мэмэдаў, былы амбасадар Азербайджану ў Бельгіі ды Еўразвязе. На фоне цяперашняга візіту Лукашэнкі ў Баку, дзе былы прэзідэнт Беларусі сустрэўся са сваім азербайджанскім візаві Аліевым, здаецца, што беларускі дыктатар пачуваўся ў сваёй талерцы. Сітуацыя ж у гэтай паўднёвакаўказскай дзяржаве цяпер слаба адрозніваецца ад сітуацыі ў Беларусі. З дыпламатам, які прыйшоў на запіс у бела-чырвона-белым шаліку, паразмаўляў карэспандэнт «Прасвету» Алесь Сіліч.

Надзея на вайну. Ці будзе эскалацыя агрэсіі Расеі супраць Украіны на руку беларускаму рэжыму?

Найбуйнейшая з пачатку вайны на Данбасе групоўка расейскіх войскаў ля ўкраінскіх межаў. Крэмль заяўляе пра неабходнасць правесці цэлы шэраг вайсковых манеўраў у рэгіёне і адначасова вінаваціць Кіеў у эскалацыі напружання. Украінцы ж рыхтуюцца да горшага. Мяжа з Беларуссю на павышаным кантролі, а памочнік прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак просіць ЗША прадаць зенітна-ракетныя комплексы «Patriot». Новы віток расейскай агрэсіі супраць Украіны – ці можа ён быць выгадны таму, хто не мае чаго губляць: Аляксандру Лукашэнку? Матэрыял Усевалада Шлыкава.

Інтэрв’ю з Валерыем Кавалеўскім. Беларусь – гэта новы фронт у вайне Пуціна супраць Украіны?

Беларусь – новы фронт у вайне Пуціна супраць Украіны, як мяркуе эксперт амерыканскага цэнтру «Atlantic Council» Браян Ўітмор у сваім найноўшым аналізе. Заяву каментуе Валерый Кавалеўскі, кіраўнік кабінету Святланы Ціханоўскай. Таксама ў інтэрв’ю згадваецца магчымы візіт Ціханоўскай у Кіеў.

Пасябраваць з саюзнікам ЗША. Навошта Лукашэнка сустракаўся з амбасадаркаю Індыі?

Лукашэнка працягвае шукаць падтрымання і крыніцаў прыбытку ў краінах, якія пакуль адкрыта не асудзілі ягонага рэжыму за гвалт і фальсіфікацыю выбараў. Цяпер пад асаблівую ўвагу апроч Азербайджану трапіла і Індыя. Прэм’ера краіны чакаюць у Беларусі, а ў горадзе Мумбай нават плануюць адкрыць консульства. Ці маюць такія планы шанец на поспех? І што ім можа перашкодзіць? Высвятляла Юлія Лабанава.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:35. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота вокладкі: Mikhail Klimentyev / Russian Presidential Press and Information Office / TASS