Чаму палякі ў Літве гавораць па-беларуску


Шырокае выкарыстанне ў ВКЛ беларускай мовы нікога не дзівіць, бо яна была дзяржаўнаю. Але і потым, у часы паланізацыі і русіфікацыі, беларуская мова працягвала заваёўваць усё новыя прасторы. Чаму?

У Беларусі шмат балцкіх тапонімаў. Гэта сведчаць пра тое, што славяне каланізавалі гэтыя тэрыторыі, а мясцовых жыхароў-балтаў асімілявалі. Але паралельна ішоў працэс экспансіі адной толькі мовы, калі неславяне засвойвалі славянскую мову. Такім чынам кантактная зона, зона на сутыку беларускага і літоўскага этнічных масіваў, перамяшчалася ў паўночна-заходнім кірунку. І працэс гэты не прыпыніўся з заняпадам Вялікага Княства Літоўскага.

«На працягу шэрагу стагоддзяў, да самага пачатку ХХ стагоддзя, а месцамі і пазней, адбывалася паступовае перамяшчэння гэтай кантактнай зоны ў паўночна-заходнім кірунку. Па-першае, у прылеглых да яе раёнах летувіскае насельніцтва засвойвала беларускую мову і станавілася двухмоўным. Па-другое, у многіх месцах гэтай зоны летувіская мова паступова саступала свае пазіцыі беларускай», – пісаў лінгвіст, дыялектолаг і перакладчык Фёдар Клімчук.

Гісторыкі губляюцца ў здагадках, чаму ва ўмовах паланізацыі ці русіфікацыі сяляне-балты пераходзілі менавіта на беларускую мову. Гэты працэс прыводзіў да такіх сумесяў, калі этнічныя літоўцы гавораць па-беларуску, але праз сваю «польскую веру», каталіцызм, лічаць сябе палякамі.

Экспансія беларускай мовы ў XVIII–XIX ст. без перабольшання – загадка беларускай гісторыі. Чаму яна адбывалася, калі гэтая мова ўжо не была ані дзяржаўнаю, ані прэстыжнаю? Калі пачаўся, як развіваўся і ці працягваецца сёння працэс моўнай экспансіі? Як выглядае сітуацыя з этнічнымі меншасцямі на польска-літоўска-беларускім памежжы? Пра гэта пагавораць гісторыкі Ян Лялевіч і Аляксандр Краўцэвіч.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Калаж з фота: tops.gpk.gov.by