Удар Украіны па РБ, эканамічны абвал, тры месяцы Кабінету


Вайна ва Украіне можа перакінуцца на Беларусь? Як гэта паўплывае на пазіцыі беларускага рэжыму? Расея можа перастаць фінансава падтрымліваць Беларусь? Гэтыя тэмы абмяркоўваюць у студыі ток-шоу «План: Б» з Яўгенам Валошыным эканаміст Леў Львоўскі, паплечніца Мікалая Статкевіча – Вераніка Мішчанка, палітолаг Леся Руднік ды іншыя госці праграмы.

«Мы разглядаем Беларусь як акупаваную тэрыторыю, на якой застаюцца варожыя войскі», – заявіў украінскі вайсковы эксперт Сяргей Грабскі.

Паводле адмыслоўцы, вайна ва Украіне можа перакінуцца на Беларусь, калі з яе тэрыторыі будуць здзейсненыя напады на Украіну, якія моцна паўплываюць на сітуацыю і будуць крытычна пагражаць украінскай інфраструктуры ды жыццядзейнасці насельніцтва:

«Мы кажам пра верагоднасць размяшчэння ў Беларусі сістэмаў, якія будуць страляць іранскімі ракетамі».

Украінскае вайсковае кіраўніцтва мае абавязак знішчыць гэтыя ракеты і будзе біць па іх. У такім выпадку вайна прыйдзе на тэрыторыю Беларусі, дадае эксперт.

На думку паплечніцы Мікалая Статкевіча, паўстала парадаксальная сітуацыя, у якой Лукашэнка сапраўды выступае гарантам. Будзе вайна ў Беларусі ці не, залежыць цяпер толькі ад яго. На Лукашэнку цісне Пуцін, але пакуль яму ўдаецца ўседзець на двух крэслах.

«Калі ўзяць войска Беларусі, то мы бачым, што ёсць адзін суцэльны фэйк», – упэўненая Вераніка Мішчанка.

Гэтыя асобы выходзілі ў 2020 годзе супраць бяззбройных людзей, але ці гатовыя яны пайсці і стаць гарматным мясам? Лукашэнка гэтага вельмі моцна баіцца.

Не згодны з меркаваннем спадарыні Мішчанкі госць студыі Андрэй Квашэвіч, кіраўнік суполкі «Вольныя беларусы Вільні» руху «Вольная Беларусь». Ён упэўнены: беларусам трэба рыхтавацца да вайны. Усё, што будзе адбывацца ў беларускай рэчаіснасці, цалкам залежыць ад Пуціна, а не ад Лукашэнкі:

«Калі ўкраінцы адкажуць, то яны будуць адказваць па расейскіх аб’ектах на тэрыторыі Беларусі. Усе дзеянні, якія адбываліся ці адбываюцца з тэрыторыі Беларусі, – гэта цалкам дзеянні Расейскай Федэрацыі».

Але дзякуючы вайне ва Украіне Лукашэнка пачаў ізноў здабываць сабе пэўную суб’ектнасць у міжнароднай палітыцы, мяркуе палітолаг Леся Руднік:

«Каб яе падтрымліваць, яму трэба працягваць гандлявацца з Пуціным і рабіць мінімальныя крокі ў падтрыманні Расеі, якія неабходныя для вядзення вайны з Украінай і якія не будуць у той жа час пагражаць незалежнасці Беларусі.

У будучыні ж сітуацыя можа развівацца па-рознаму, і тут шмат розных сцэнароў, бо мы маем справу не з рацыянальнымі палітыкамі, а з хаатычнымі дыктатарскімі рэжымамі.

Галоўнае – памятаць: устаноўка на тое, што пасля перамогі Украіны ў Беларусі аўтаматычна ўсталюецца дэмакратыя, наіўная і зманлівая. Барацьба ўкраінцаў за свабоду скончыцца ва Украіне, а далей усё трэба будзе рабіць беларусам самастойна. Пра гэта трэба думаць цяпер, але рыхтавацца да нейкіх нечаканых сцэнароў».

Як беларускія войскі могуць увайсці ў Беларусь і адкуль яны возьмуць зброю? Ці можа Расея перастаць фінансава падтрымліваць Беларусь? Якая імавернасць эканамічнага абвалу ў Беларусі? Якія вынікі трох месяцаў працы Аб’яднанага пераходнага кабінету? Абмеркаванне гэтых ды іншых пытанняў глядзіце ў ток-шоу «План: Б».

Глядзіце ток-шоу «План: Б» на YouTube-канале «Белсат News», у праграме «Belsat Smart» для тэлевізараў з функцыяй «Smart», на мабільных прыладах з сістэмамі iOS і «Android», a таксама ў эфіры «Белсату».

belsat.eu