Віцебск: лекары выбіраюць, каго ратаваць


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – эпідэмія каронавірусу. Каментары з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

Першамай – сядзі дома, не гуляй!

Дзень працы ў нашай краіне адзначаць без традыцыйных шэсцяў. Адпаведнае рашэнне ў сувязі з санітарна-эпідэміялагічнай сітуацыяй ухваліла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Пра адмену ўсялякіх масавых мерапрыемстваў 1 траўня заявілі і ўлады Магілёва. А ў Баранавічах пайшлі яшчэ далей, адмовіўшыся ад святкавання не толькі Дня працы, але і Дня Перамогі.

ЦТ у часе пандэміі

А ўжо 2 траўня ў Беларусі стартуе рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне, схему якога сёлета з-за каронавіруса змянілі. Акрамя онлайн-рэгістрацыі будзе створаная і электронная чарга ў пунктах рэгістрацыі, куды пазней абітурыент мае зʼявіцца асабіста, каб атрымаць пропуск на ўдзел у цэнтралізаваным тэставанні. А вось пра фармат выпускных іспытаў, паводле міністра адукацыі Ігара Карпенкі, гаворкі не вядзецца.

Парад без гасцей

Расейскія ды кітайскія вайскоўцы адмовіліся ад удзелу ў парадзе 9 траўня ў Менску. Пра зрыў ранейшых планаў паведаміла журналістам радыё «Свабода» прэс-сакратарка Міністэрства абароны нашае краіны Наталля Гаўрусік. Таксама Гаўрусік зняпраўдзіла ранейшыя паведамленні ў медыях пра адмену рэпетыцыі вайсковай тэхнікі, якая будзе ўдзельнічаць у парадзе. Рэпетыцыя адбылася ў у фармаце «пешы па машынным», то бок без выезду тэхнікі. Таксама да 9 траўня мае адбыцца і генеральная рэпетыцыя параду, дата якой дагэтуль не прызначаная.

Валера Руселік, «Белсат»