Новы парламент зацвердзіць Рэспубліку Беларусь 2.0?


15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнцкая форма кіравання ў асобе Лукашэнкі сябе зняславіла. Ці зможа гэта змяніць новы сапраўдны парламент і ці зацвердзіць ён Рэспубліку Беларусь 2.0? Юрый Губарэвіч і Святлана Мацкевіч, новы «Двубой».

«Змены ў Канстытуцыю, як і заканадаўчыя акты, якія засноўваюцца на ёй – гэта не працэс аднаго моманту. Гэта зацягнецца на дастаткова працяглы перыяд, на пачатку якога яшчэ мусіць стаяць абранне легітымнага парламенту, які будзе гэта ўсё зацвярджаць. Таму пытанне, напэўна, не пра месяцы, а пра гады. Вось у гэты пераходны перыяд, калі мы адыходзім ад дыктатуры і выбудоўваем сапраўдную дэмакратыю, мусіць быць сіла, персаналізаваная сіла, якая будзе адказваць або за поспехі, або за правалы гэтага. Натуральна, што мусяць прысутнічаць усе абмежаванні, механізмы кантролю пазбягання злоўжыванняў – тое, чым займаецца сённяшні кіраўнік дзяржавы. Гэта ўсё ўводзіцца ад пачатку. Але персанальна чалавек на пасадзе прэзідэнта мусіць правесці Беларусь праз гэты шлях – пераводу да дэмакратыі», – тлумачыць Юрый Губарэвіч, чаму ў новай Беларусі на пачатку будзе захаваная прэзідэнцкая форма кіравання.

У разуменні палітыка, змены ў Канстытуцыю зацягнуцца на гады, а сам інстытут прэзідэнцтва – гэта тое, што паказвае сваю жыццяздольнасць у шматлікіх дэмакратычных краінах, у тым ліку ЗША. І прыклад Аляксандра Лукашэнкі не можа гэтага сапсаваць. Аднак у новай Беларусі варта будзе адразу замацаваць заканадаўчыя абмежаванні для новага прэзідэнта.

Двубой
Абкатаў прэзідэнцкія выбары 2025 года і памыліўся!
2024.02.28 17:50

Святлана Мацкевіч лічыць, што ў новай Беларусі патрэбна будзе як мага хутчэй замацаваць у Канстытуцыі парламенцкую форму кіравання, што засведчыць пераход да Другой Рэспублікі – своеасаблівай Рэспублікі Беларусь 2.0.

«Канстытуцыя – гэта не столькі асноўны закон Беларусі ў будучым, колькі прадмет грамадскай дамовы. Калі гэта прадмет грамадскай дамовы, то гэта значыць, што незалежна ад таго, якая сітуацыя ў Беларусі, мы ўжо цяпер, беларусы і грамадзянская супольнасць, мусім вучыцца дамаўляцца пра тое, што будзе ў новай Канстытуцыі. І таму ў пераходны перыяд мы мусім клапаціцца не столькі пра тое, хто той адзіны чалавек, які будзе праводзіць лінію зацвярджэння новай Канстытуцыі, колькі мусім вучыцца дамаўляцца і ўжо цяпер дакладна ўяўляць, якая будзе ў нас у будучыні ўлада. Не столькі прапісваць яе ў самой Канстытуцыі, колькі самім у дзеянні гэта ствараць і канструяваць. Таму я, натуральна, за парламенцкую ўладу, бо толькі парламент – гэта тая структура, што рэпрэзентуе грамадзянскую супольнасць, розныя структуры грамадзянскай супольнасці і сацыяльныя пласты», – распавядае Святлана Мацкевіч.

Але ці гатовыя беларусы да такіх зменаў? Што варта рабіць ужо цяпер і ці маем мы сілы дзеля гэтага? Адказы шукайце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Аб’ектыў
Рыхтавалі для Кебіча, а прыйшоў Лукашэнка: як Беларусь сталася прэзідэнцкаю рэспублікаю?
2024.03.02 20:56

Госці праграмы:

Юрый Губарэвіч, палітык, лідар руху «За свабоду»

Святлана Мацкевіч, экспертка ў галіне адукацыі

Праграму «Двубой» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат News» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.