Артапедаў «зачысцілі» ў інтарэсах сяброўкі Лукашэнак


У новым расследаванні праграмы «Давайце разбірацца» журналісты прыводзяць доказы сувязі бізнесоўцаў, якія манапалізавалі пэўныя медычныя паслугі ў Беларусі, з сям’ёй Лукашэнак.

Вясною 2022 года, пасля гучнай «справы артапедаў», беларускія ўлады забаранілі дзяржаўным лякарням праводзіць платную замену каленных ды тазасцегнавых суставаў. І без таго велізарныя чэргі пацыентаў расцягнуліся на гады. Адзінай прыватнай установай, якая мае дазвол праводзіць такія аперацыі, засталася клініка «Мерсі». Замяніць сустаў у клініцы каштуе нашмат даражэй, чым гэты было ў дзяржаўных больніцах.

«Дазволіць сабе зрабіць аперацыю ў гэтай «Мерсі», у якой аперацыя каштуе амаль $ 8 тысячаў, – падаецца, я хутчэй памру, чым збяру гэтыя грошы», – кажа спадарыня, якой патрэбная замена пратэза.

Расследaванні
Чаму ў Беларусі пацыенты пераплачваюць за пратэзы?
2022.05.10 19:30

Уласнікі гэтай клінікі, як высветлілі журналісты-расследавальнікі, – асобы, звязаныя з сям’ёй Лукашэнак, а «крышуе» яе непасрэдна Віктар Лукашэнка.

«У Аляксандра Рыгоравіча ёсць любімы сын Віктар, які прыклаў пэўныя сілы да адкрыцця гэтага бізнесу. Паўдзельнічаў у фінансаванні, паўдзельнічаў у больш хуткім урэгуляванні пэўных дакументальных фармальнасцяў», – сцвярджае ананімны госць праграмы.

З дапамогаю кіберпартызанаў журналісты высветлілі, што адна з суўладальніц клінікі «Мерсі» – Людміла Няронская, якая сябруе з сям’ёй Віктара і Ліліі Лукашэнак. Падрабязнасці гэтага сяброўства, а таксама тое, як набліжаны да Лукашэнкі тытунёвы кароль Аляксей Алексін пачаў асвойваць нішу прыватнай медыцыны, глядзіце ў праграме.

belsat.eu