Данута Хлусня: «Плакала, калі атрымала ліст з пракуратуры»


Блогерка Данута Хлусня трапіла ў цяжкую сітуацыю: ейнага сына Багдана на пешаходным пераходзе збіў аўтамабіль, дзве нагі зламаныя. Але пракуратура ў ДТЗ абвінаваціла падлетка. Трэба дапамога з рэабілітацыяй і юрыдычная дапамога для здабыцця справядлівасці.

Наталля Багданава, вядомая як Данута Хлусня, вымушаная была з сынам Багданам спачатку з’ехаць ва Украіну, а пасля пачатку вайны – у Польшчу. Але тут, у Варшаве, 7 кастрычніка з хлопчыкам здарылася жудаснае: ён ішоў праз пешаходны пераход, калі яго збіў аўтамабіль. У такой сітуацыі, калі Багдану спатрэбілася правесці некалькі аперацыяў цягам 6 гадзінаў на абедзвюх зламаных нагах, сям’я трапіла ў вельмі складаную сітуацыю. А ўсё праз тое, што пракуратура вынесла рашэнне: у аварыі вінаваты хлопчык, а не кіроўца чорнага джыпа.

«Пракуратура вынесла рашэнне, што маё дзіця вінаватае, таму мы не маем ніякай магчымасці ні на якую страхоўку, ні на якую кампенсацыю», – дзеліцца Наталля.

Багдан пасля аварыі не адчуваў ног, а таксама доўгі час перасоўваўся на інвалідным вазку. Цяпер ён паволі рухаецца ў артэзах. Кіроўца ж, які збіў яго, ні разу не паспрабаваў звязацца з Наталляй і пацікавіцца лёсам Багдана, а ў адказе пракуратуры ягонае імя адсутнічае, ён называецца проста кіроўцам «лексуса».

Hавiны
«Багдан крычаў: «Я не адчуваю ног!» 12-гадовы беларус трапіў у ДТЗ у Варшаве, яго прызналі вінаватым
2023.03.23 07:00

Наталля хоча дамагчыся справядлівасці. Для гэтага ёй трэба юрыдычная дапамога. Таксама праз фонд «BYSOL» яна звярнулася да беларусаў для збору сродкаў на рэабілітацыю 13-гадовага Багдана, які ўспамінае: «Не хацелася паказвацца на людзях, каб мяне бачылі ў такім стане».

Як Наталля і Багдан пражылі паўгода пасля аварыі? З якімі складанасцямі яны сутыкнуліся, і чаму жанчыне давялося зрабіцца не толькі медсястрой, але і настаўніцай? Як сам хлопчык спраўляецца са сваім становішчам і чаму цяпер марыць быць юрыстам? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Беларус беларусу».

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.