Беларусы наладзілі пастаўкі дапамогі ў абложаныя ўкраінскія гарады


Увесь свет паўстаў супраць Расеі за Украіну. Практычна ў кожным квартале Варшавы цяпер пункт дапамогі ўкраінскаму войску, уцекачам, сем’ям, дзецям – усім пацярпелым ад вайны і рэпрэсіяў беларусам і ўкраінцам.

Ініцыятыва «Дар», «Наш дом» і мясцовы «Карытас» стварылі склад пад назваю «Побач», куды можа звярнуцца кожны рэпрэсаваны беларус і кожны ўкраінец, што ўцякаюць ад вайны. Таксама ініцыятыва дапамагае блакадным гарадам Украіны – туды валанцёры тонамі скіроўваюць гуманітарную дапамогу. Тут працуюць поплеч як беларусы, так украінцы і палякі. Але перадусім гэта беларуская ініцыятыва.

Назва «Побач» азначае – «разам паблізу». Сюды можа звярнуцца кожны рэпрэсаваны беларус, а таксама любы ўкраінец, які пацярпеў ад вайны.

На складзе «Побач».
Фота: КК / Белсат

«Мы дапамагаем усім. Украінцам, беларусам. Самае галоўнае, што склад для тых, хто прыязджае, у нас ужо збольшага сфармаваны. Рэчы, бытавая хімія, харчовыя кошыкі. І таксама ў нас ёсць з украінскага боку юрыдычная дапамога, што спрыяе ўкраінцам легалізавацца правільна», – распавядае сукаардынатарка пляцоўкі «Побач» Леакадыя.

«Таксама мы перадаём неабходнае ва Украіну. Менавіта ва ўсе гарады, у якія неабходна. Мы перадаём адрасна. Да нас дасылаюць фотасправаздачы, што людзі атрымалі сапраўды тое, пра што яны прасілі і мы перадавалі.

На асноўныя патрэбы мы кідаем кліч. Цяпер вельмі патрэбныя лекі. Болепатольныя сродкі. Ад гарачкі. Жгуты, турнікеты. Перакіс вадароду. Перавязачныя матэрыялы.

Калі ёсць магчымасць ахвяраваць спецыяльныя аптэчкі для вайскоўцаў і паляўнічых – мы ўсё гэта перадамо. І за кожную перададзеную хаця б адну аптэчку мы зробім справаздачу.

Таксама вельмі патрэбныя кансервы. Кансервы ў бляшанках. Любыя: рыбныя, мясныя. Любыя. Сухія пайкі, хлябцы доўгага захоўвання.

Паліцы з лекамі.
Фота: ЯМ / Белсат
Фота
«Апякуюцца беларускімі і ўкраінскімі ўцекачамі». Як дабрачынныя ініцыятывы мяняюць працу праз вайну ва Украіне
2022.03.03 11:02

У нас з’ехаў украінец Багдан. Ён у Днепрапятроўску. Ён ваюе. Ён і ваюе, і расказвае, што там адбываецца – і якая трэба дапамога. Мы яе таксама дастаўляем. Ён перадае нам, што людзі, якія атрымалі дапамогу, кажуць: «Беларускія дзяўчаткі, Беларусь, вы самыя крутыя! Дзякуй вам вялікі!» У Харкаў мы ўжо некалькі даставак зрабілі. Усюды. Мы можам у любы пункт», – кажа Леакадыя.

Калі вы хочаце стаць валанцёрам складу «Побач», дапамагчы фінансава або неабходнымі лекамі і рэчамі, або калі самі маеце патрэбу ў дапамозе, звяртайцеся:

Святлана Ціханоўская завітала на склад ініцыятывы «Побач», што дапамагае беларусам, якія ўцякаюць ад рэжыму, і ўкраінскім уцекачам. 25 сакавіка 2022 года.
Фота: КК / Белсат
Фота
Святлана Ціханоўская ў Польшчы: сустрэча з прэзідэнтам і святкаванне Дня Волі ў Беластоку
2022.03.25 18:00

Мы пагутарылі з некаторымі валанцёрамі, сярод іх ёсць і ўкраінкі.

«Мяне клічуць Кацярына. Я сама кіяўлянка. На дадзены момант уся мая сямʼя ў Кіеве. Я выпадковым чынам, калі гэта ўсё пачалося, сутыкнулася з ініцыятывай «Дар», са складам «Побач». Мы збіралі рэчы недалёка адсюль.

У нас была машына, якая мелася ехаць ва Украіну. І мы не маглі ўсё сабраць.

Я трапіла ў «Дар». І, у прынцыпе, так і засталася дапамагаць.

Каб запісацца ў валанцёры дастаткова проста прыйсці і сказаць, што хочаце дапамагаць. Калі гэта ўсё адбылося, людзі, якіх я ведаю, якія былі «за Пуціна» на тэрыторыі Украіны і нават тут, яны пайшлі ў самаабарону і абараняюцца на баку Украіны. Я не ведаю ніводнага чалавека, які на баку Пуціна.

Сярод грамадзянаў Расеі, вядома, ёсць – сярод тых, якія сядзяць у Расеі – ім прамываюць мазгі. Яны думаюць, што мы самі надумалі свае дзіцячыя садкі пабамбіць. Не. Мы не бамбім самі сваіх дзіцячых садкоў. Да нас прыязджае рускае войска – і гэта ўсё бамбіцца!» – кажа Кацярына.

Кіеўлянка Кацярына.
Фота: «Беларус беларусу»

Мы працягваем падтрымліваць вас, нашых гледачоў – беларусаў. Але нашыя думкі і сэрцы цяпер у кірунку Украіны, дзе ідзе вайна, дзе нашыя браты змагаюцца ў тым ліку і за нашую незалежнасць і свабоду, супраць тыраніі. І таму мы будзем дапамагаць і ім. Мы будзем агучваць гэтую праблему. Мы будзем гаварыць пра Украіну і пра яе бяду.

Пункт прыёму гуманітарнае дапамогі.
Фота: «Беларус беларусу»

Калі вы хочаце падтрымаць нашых сённяшніх герояў, валанцёраў, публічна або ананімна, з любога пункту свету лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com.

I памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога!

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.