Што рабіць Беларусі з тым велізарным пластом расейскай культуры, якая пакрывае ўсю нашую рэчаіснасць? Ці патрэбная Беларусі татальная дэрусіфікацыя? Ці можна гвалтам увесці беларускую мову? Шукаем адказы ў ток-шоу «План: Б» са Змітром Міцкевічам і Вольгаю Старасцінаю. Госці студыі – прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык, сузаснавальнік парталу TUT.by Кірыл Валошын, а таксама прэсавая сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.
Цягам апошніх 29 гадоў «русский мир» надзейна ўмацаваўся ў лукашэнкаўскай Беларусі. Увесь гэты час беларуская ідэнтычнасць знішчаецца па кроках: са знявагі нацыянальных сімвалаў і культуры да мовы. Расея паглынула не толькі мову, але і беларускую незалежнасць.
Нягледзячы на тое, што вялікая частка грамадства вымушаная была пакінуць радзіму, шанец захаваць і аднавіць культуру ў беларусаў ёсць. Пачынаць трэба з сябе, і самае простае – пачаць размаўляць па-беларуску.
Госці студыі цалкам згодныя, што Беларусі патрэбная дэрусіфікацыя і ўвядзенне адзінай беларускай мовы на дзяржаўным узроўні. Аліна Коўшык кажа пра дэкамунізацыю і нават дэімперылізацыю. Аб’яднаны пераходны кабінет распрацоўвае шэраг рэформаў і дакументаў для трансфармацыі Беларусі пасля таго, як у ёй пачнуцца працэсы дэмакратызацыі.
Ганна Красуліна прыгадвае пра небяспеку перакосу, які існуе ў беларускім грамадстве, у бок расейскай мовы. Прыклад – суседняя Украіна, дзе пасля абвяшчэння расейскамоўных вобласцяў «расейскаю зямлёй і тэрыторыяй» пачалася вайна.
«Пуцін кажа: «Там, где говорят по-русски, там русский мир». І ён у пэўнай ступені мае рацыю, – кажа Ганна Красуліна. – Там, дзе размаўляюць па-расейску, там існуе такое стаўленне да мовы іншых нацыяў, нават калі гэта тытульная нацыя, як у Беларусі, існуе стаўленне зверху ўніз».
Кірыл Валошын не пагаджаецца са спадарыняй Красулінай і лічыць такі пункт гледжання наіўным. Чым ён гэта абгрунтоўвае, глядзіце ў праграме.
Таксама ў выданні:
Глядзіце ток-шоу «План: Б» на YouTube-канале «Белсат News», у праграме «Belsat Smart» для тэлевізараў с функцыяй«Smart», на мабільных прыладах з сістэмамі iOS и «Android», a таксама ў эфиры «Белсата».