Соф’я Гальшанская. Маці каралёў Еўропы


У 17 гадоў Соф’я Гальшанская сталася чацвёртаю жонкаю нашмат старэйшага за яе польскага караля Ягайлы, ад якога нарадзіла трох сыноў і запачаткавала дынастыю Ягелонаў. Акрамя таго, яна была таленавітым палітыкам і мецэнатам.

Два ейныя сыны, чатыры ўнукі і два праўнукі сталіся каралямі. Соф’я нарадзілася каля 1405 года ў замку заможнага роду Гальшанскіх у цяперашніх Гальшанах. Яна была сярэдняю дачкой Андрэя Вязынскага і Аляксандры з роду Друцкіх. Пасля смерці бацькоў Соф’яй, якую родныя называлі Сонькай, ейнаю старэйшаю сястрою Васілісай і малодшаю Марыяй апекаваўся дзядзька, князь Сямён Друцкі.

Менавіта падчас наведвання князя друцкага Васіліса і Сафія спадабаліся польскаму каралю Ягайлу, які разам са сваім братам Вітаўтам, вялікім князем літоўскім, вяртаўся пасля паходу на Смаленск. Да таго часу Ягайла быў ужо тройчы жанаты, і ўсе ягоныя жонкі рана памерлі, гэтак і не нарадзіўшы прадстаўнікоў мужчынскага полу, якім можна было перадаць уладу. Сам жа Ягайла быў ужо немалады, яму ішоў сёмы дзясятак гадоў, калі прыняў рашэнне ўзяць жонку з роду князёў Гальшанскіх. Але замест старэйшай Васілісы выбраў Сафію – і ўсё праз вусы.

«Ягайла ўбачыў у Васілісы пад носам невялікія вусікі. А ў тыя часы лічылася, што жанчына з вусікамі – даволі ўпартая, любіць пакіраваць і мае даволі моцнае здароўе», – тлумачыць вядоўца праграмы «Вусы Скарыны» Цімох Акудовіч.

Соф’я нарадзіла Ягайлу трох сыноў – Уладзіслава, Казіміра (які рана памёр) і яшчэ аднаго Казіміра. Прычым падчас цяжарнасці апошнім пры двары папаўзлі чуткі пра здраду Сафіі каралю, праз што нават быў пачаты судовы працэс. Але ўсе пытанні адпалі пасля нараджэння дзіцяці, якое было як дзве кроплі вады падобнае да бацькі. Таму апошні сын Ягайлы – Казімір – увайшоў у гісторыю пад мянушкай Ягелончык.

«Агулам Сафія ў гісторыю ўвайшла як добрая гаспадыня. Яна дамаглася трону для абодвух сваіх сыноў. Яна падтрымлівала адукацыю. Яна арганізавала першы пераклад Бібліі на польскую мову. Яна ж падтрымлівала тады яшчэ вельмі малады Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве. Але галоўнае – Сафія стала маці цэлай каралеўскай дынастыі, якая нібыта ўжо не павінна была нарадзіцца па ўсіх законах прыроды. Але Ягелоны здарыліся ды панавалі ў Кароне і Княстве ажно да 1572 года», – распавядае Цімох Акудовіч.

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Belsat; Wikimedia Commons