Галоўны прывід Менску Міхаіл Валадковіч


Раней яго ведалі ўсе менчукі. Цяпер жа ягоная гісторыя – адна з улюбёных у запашніку сталічных экскурсаводаў. Міхаіл Валадковіч быў адным з найлепшых сяброў Радзівіла Пане Каханку, а зрабіўся прывідам Менскай ратушы. Як так сталася 12 лютага 1760 года?

Міхаіл Валадковіч паходзіў са знакамітай менскай сям’і. Ён нарадзіўся ў 1735 годзе і разам з братам Юзафам адправіўся навучацца ў Нясвіж, дзе пасябраваў з Каралем Станіславам Радзівілам, які ўвайшоў у гісторыю пад мянушкаю Пане Каханку. Калі ўсе ўтрох падраслі, то працягвалі ладзіць быццам дзіцячыя забавы, але ў дарослых маштабах. І гэта шмат каму не падабалася.

«Хлопцы не бачылі берагоў. Аднойчы дамініканскі манах прамаўляў прамову супраць п’янства і разгулу. І ўсе разумелі, што прычына гэтай пропаведзі – Міхаіл Валадковіч, аматар пагуляць і пабуяніць. Міхаіл вельмі пакрыўдзіўся і ў наступную нядзелю проста пасярэдзіне службы прывёў да касцёлу цэлы табар цыганоў з мядзведзем і ўтварыў такі балаган, што сарваў святое набажэнства. Раззлаваны Аблачынскі прамовіў тады яму: «Прыйдзе і на цябе тады божая кара. І ты аднойчы станеш страшным пасмешышчам». Валадковіч тады толькі пасмяяўся, а між іншым гэта былі прарочыя словы», – распавядае Цімох Акудовіч, вядоўца праграмы «Вусы Скарыны».

Як канфлікт братоў Валадковічаў з суседам прывёў да незваротных наступстваў? Што такое кліентэла ў Рэчы Паспалітай і Галоўны трыбунал у ВКЛ? І пры чым тут куль саломы? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Вусы Скарыны».

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.