Вагнэраўцы расстрэльваюць мабілізаваных расейцаў. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Каліноўцы супраць вагнэраўцаў. Беларускія добраахвотнікі абараняюць Бахмут

Беларускія добраахвотнікі з палка Кастуся Каліноўскага разам з украінцамі абараняюць горад Бахмут, які расейскаму агрэсару не ўдаецца захапіць некалькі месяцаў. Яны супрацьстаяць там вагнэраўцам. Найміты Пуціна люта атакуюць Бахмут, гістарычны цэнтр Данбасу, але прасунуцца не могуць. Апошнімі днямі ўкраінскім сілам удалося выціснуць расейцаў за межы ўсходніх прадмесцяў. Для расейскіх войскаў гэта важны транспартавы вузел – захоп гораду адкрые ім шлях на захад. Атакі ворага ўдаецца адбіваць, аднак 60 % места ўжо знішчылі расейцы.

Як выглядае сітуацыя ў Бахмуце цяпер? Пра гэта «Прасвету» распавёў камандзір батальёну «Волат» палка Кастуся Каліноўскага Ян Мельнікаў. Ён ветэран, які абараняе Украіну з 2014 года. Падрабязней – у эксклюзіўным рэпартажы з Бахмуту. 

Вагнэраўцаў выкарыстоўваюць як заградатрады, яны расстрэльваюць сваіх жа расейскіх вайскоўцаў. Інтэрв’ю з Тарасам Беразаўцом

Вагнэраўцы лічаць мобікаў смеццем, а навагодні ўдар па Макееўцы прынёс самыя вялікія аднаразовыя страты расейцам ад пачатку вайны. Лёд крануўся, Захад пачынае перадаваць танкі вытворчасці NATO. Францыя заявіла пра перадачу лёгкіх колавых танкаў AMX-10 RCR, гэта танкі дзеля прарыву. Ці пачнуць пасля гэтага перадаваць цяжкія заходнія танкі? Інтэрв’ю з капітанам Тарасам Беразаўцом, афіцэрам 1-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння Збройных сілаў Украіны. 

Украінцы праводзяць артылерыйскую падрыхтоўку да новага наступу. Ці хопіць Украіне зброі?

Украінцы «бамбяць Варонеж» у раёне вайсковага аэрадрому і працягваюць даставаць беспілотнікамі ваенную інфраструктуру і склады з боепрыпасамі ў Крыме і ў глыбіні Расеі. На акупаванай тэрыторыі ўкраінскае войска нанесла самыя вялікія аднаразовыя страты расейцам у выніку ўдару па Макееўцы.

Пуцін жа працягвае наносіць масіраваныя ўдары па Украіне «Шахедамі» і ракетамі, але ўкраінская супрацьпаветраная абарона нейтралізуе большасць удараў. Абмен дыстанцыйнымі ўдарамі – новая фаза вайны або артылерыйская падрыхтоўка да наступаў? Рэпартаж Вольгі Міцкевіч.

Новы склад парламенту ЗША пачаў працу. Ці зменшыць Амерыка дапамогу Украіне?

Рэспубліканцы маюць большасць у ніжняй палаце парламенту ЗША. Як гэта паўплывае на дапамогу Украіне? Дэмакраты цяпер на ўзбочыне, а рэспубліканцы, падзеленыя на дзве групы, не могуць дамовіцца адносна новага спікера парламенту. Спікерам меў стаць прадстаўнік большасці ніжняй палаты, рэспубліканец Кевін МакКарці. Аднак нечаканы ўдар прыйшоў ад больш радыкальных прадстаўнікоў партыі рэспубліканцаў, ад трампістаў. Нечаканы – бо папярэдне МакКарці зрабіў нямала саступак, каб радыкалы яго падтрымалі. Падчас першай спробы выбраць яго спікерам ён атрымаў усяго толькі 202 галасы з патрэбных 218. Гэта нават менш, чым у кандыдата ад дэмакратаў, якія цяпер у апазіцыі і складаюць меншасць у палаце. Што не падзялілі радыкалы і цэнтрысты, што іх адрознівае, як гэта звязана з дапамогай Украіне – Надзея Бельская.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook ! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.