Крылатыя гусары. Разгадалі сакрэт найлепшай кавалерыі Еўропы


У 1605 годзе войска ВКЛ на чале з гетманам Янам Хадкевічам разбіла ўтрая большыя сілы шведаў. Вызначальную ролю ў бітве пад Кірхгольмам адыгралі крылатыя гусары. Але адкуль яны з’явіліся? І для чаго ім патрэбныя былі крылы?

Вершнікі з крыламі за спінаю і доўгімі пікамі сталіся сімвалам вайсковай магутнасці Рэчы Паспалітай. Яны занялі сваё месца ў шэрагу найлепшых вайсковых фармаванняў у гісторыі, у які ўваходзяць, напрыклад, вікінгі, еўрапейскія ландскнехты, швейцарскія найміты, украінскія казакі. Усіх іх вылучаў пазнавальны выгляд. Але навошта гэта было трэба?

Крылатыя гусары з’явіліся ў Рэчы Паспалітай дзякуючы рэфармаванню войска каралём Стэфанам Баторыем.

«Баторый загадаў розным родам войскаў уніфікаваць сваю форму. Гусарам было загадана прыбраць шчыт, пачаць апранаць кірасу, якая прыкрывала цела вершніка, а таксама загадаў для ўпрыгожвання насіць арліныя пёры, якія спачатку прымацоўваліся да сядла, а пасля пераехалі на спіну вершніка. А яшчэ менавіта Стэфан Баторый загадаў усім крылатым гусарам абзавесціся пікамі. Якраз з пікамі звязаны самы вялікі сакрэт поспеху крылатых гусараў, асабліва ў першыя гады іхнай дзейнасці», – распавядае Цімох Акудовіч, вядоўца праграмы «Вусы Скарыны».

У чым сакрэт пікаў крылатых гусараў, якія паводле наватарства параўноўваюць з сённяшнімі «Javelin» і «Bayraktar»? Чаму гусарыя была непераможнаю на полі бою, а трапіць у яе шэрагі было мараю шмат для каго? Як у бітве пад Кірхгольмам у 1605 годзе войска Вялікага Княства Літоўскага здолела разбіць у разы большае войска Швецыі? І калі гусарыя састарэла? Адказы шукайце ў новым выданні праграмы «Вусы Скарыны».

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Белсат; kresy.pl; кадр з фільму «Ogniem i mieczem»