Найміты з Францыі дапамогуць Украіне перамагчы Расею?


Макрон хоча завербаваць 200 000 жаўнераў для вайны ва Украіне. Падрабязней у праграме «Лукавыя навіны»:

Не, гэта не страшны сон Уладзіміра Пуціна. Гэта загаловак артыкулу, які напісаў капітан запасу Узброеных сілаў РФ, расейскі вайсковы аналітык і часты госць палітычных ток-шоу на федэральных тэлеканалах Уладзіслаў Шурыгін.

«Французскія карыстальнікі сацыяльнай сеткі Х паскардзіліся на рэкламу ўрадавага сайту, створанага для вярбоўкі французаў для ўдзелу ў ваенных дзеяннях ва Украіне. На сайце Мінабароны Францыі анансаваны набор 200 000 французаў па такіх спецыяльнасцях як пяхотнік, малодшы афіцэр, баец спецназа і афіцэр спецназа. Пры гэтым на сайце пазначана, што прыярытэт пры паступленні на службу аддаецца мігрантам».

200 тысяч салдат на дапамогу Украіне. Вось гэта так! Спачатку мы ў гэта нават не паверылі, але ў артыкуле Шурыгіна была спасылка і на французскую крыніцу – выданне «Infos Independantes». Дык вось старт гэтаму набору, аказваецца, Эманюэль Макрон даў асабіста. Вось цытата прэзідэнта, якую прыводзіць французскае выданне.

«Цягам двух гадоў Францыя падтрымлівала Украіну ў барацьбе супраць расейскага агрэсара. Каб абараніць дэмакратыю, нашы агульныя каштоўнасці і падтрымаць нашых украінскіх сяброў, наша армія набярэ і абучыць 200 000 мужчын ва ўзросце ад 18 да 48 гадоў для правядзення аперацый ва Украіне. Будзьце першым, хто абароніць інтарэсы Францыі ва Украіне. Ваша ахвяра і адданасць нашым дэмакратыям не будуць забытыя».

Дзіўна, але падобна гэтую заяву прэзідэнт Францыі даў толькі аднаму вышэй указанаму французскаму выданню. Ніхто больш ва ўсёй Францыі такой цытаты Эманюэля Макрона не прыводзіць. Міжнародныя агенцтвы Reuters і Еўрапейскі трансляцыйны звяз таксама маўчаць.

Таксама ў артыкуле прыводзяцца ганарары для байцоў, якія пагодзяцца на вайсковую місію ва Украіне. Ад 5 да 12 тысячаў еўра – у залежнасці ад спецыяльнасці. 5 тысяч еўра ў месяц за ўдзел у рэальнай вайне на тэрыторыі іншай дзяржавы супраць яшчэ адной іншай дзяржавы неяк не вельмі шмат нават для пяхотніка. Асабліва ва Францыі, у якой сярэдняя заработная плата без усялякіх баявых дзеянняў складае тры з паловай тысячы еўра. Але Уладзіслаў Шурыгін знайшоў, чым адказаць і на гэта.

«Магчыма, гэта спроба французскага ўраду забіць двух зайцоў разам – аказаць дапамогу рэжыму Зяленскага і вырашыць міграцыйнае пытанне».

Таксама ў праграме «Лукавыя навіны»:

  • Расейская прапаганда працягвае настойваць, што тэракт у «Krokus City Hall» справа рук Украіны

Фота: Borja Suarez / Reuters / Forum

belsat.eu / ІР