«Пабудуем сістэму лепшую, чым дэмакратыя». Губарэвіч vs Кавалькова


Шлях Беларусі іншы, чым у Еўразвяз. Мы пабудуем сістэму лепшую, чым дэмакратыя, і нас чакае прымірэнне з Лукашэнкам – лічыць Кавалькова. Беларусь мае сёння ўсе шанцы стаць часткай Еўразвязу, і гэтага нельга прахукаць – лічыць Губарэвіч. Хто мае рацыю?

«Шлях Беларусі іншы: мы будзем у добрых стасунках і з Еўрапейскім Звязам, і з Расеяй, і з Украінай, і з усімі краінамі-суседзямі. І я лічу, што мы можам пабудаваць сістэму лепшую, чым дэмакратыя, таму што, на мой погляд, дэмакратыя таксама мае свае хібы», – так разважае Вольга Кавалькова, якая не так даўно трапіла ў скандал з сюжэтам пра яе на дзяржаўным тэлебачанні.

Каментар
Па БТ паказалі пранк з Вольгі Кавальковай. Ці праўда яна згадзілася браць расейскія грошы?
2023.09.08 20:15

Кавалькова меркавала, што размаўляла з журналістамі каналу «Дождь» і прадстаўніком расейскага алігарха Міхаіла Хадаркоўскага. Але лічыць, што нічога дрэннага ў ейных выказваннях няма. Яна выступае з «канцэпцыяй нацыянальнага дыялогу» і гаворыць, што рана ці позна дэмакратычным сілам Беларусі прыйдзецца дамаўляцца з Лукашэнкам і ягонымі прыхільнікамі. Але як прымусіць рэжым да сапраўднага дыялогу?

Юрый Губарэвіч зазначае, што Беларусь сёння мае гістарычны шанец, які нельга згубіць.«Гэта не пытанне выбару, гэта пытанне вяртання ў тую еўрапейскую цывілізацыю, у якой Беларусь была доўгія стагоддзі, з якой была вырвана праз экспансію Расеі на нашыя тэрыторыі і праз тыя войны, праз якія прайшла нашая краіна. Так, можна згубіць гістарычную памяць, а карані ўсё роўна застаюцца, яны ўсё роўна прарастаюць», – кажа Губарэвіч.

І ўсё ж, ці патрэбна Беларусь Еўропе, а Еўропа – Беларусі? Падрабязнасці дыскусіі глядзіце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Госці:

Юрый Губарэвіч, лідар руху «За свабоду»;

Вольга Кавалькова, сябра Каардынацыйнай Рады, палітык

Праграму «Двубой» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат News» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.