Сілы беларусаў і грузінаў аб’ядноўваюцца: створаны Другі інтэрнацыянальны легіён


На вайне ва Украіне грузіны сталі баявымі пабрацімамі беларусаў. Яны вераць, што перамога над пуцінскаю Расеяй наблізіць вызваленне Грузіі і Беларусі. Вялікія надзеі ўскладаюць на контрнаступ, які рыхтуюць ЗСУ.

Новае выданне праграмы «Ваяры» пазнаёміць вас з грузінскім добраахвотнікам Вано. Ён – былы падпалкоўнік Службы бяспекі Грузіі, ветэран абхазскай вайны 1993–1994 гадоў. З 2014 года ваюе на баку Украіны. Адзін з кібаргаў, абаронцаў Данецкага аэрапорту. Цяпер падпалкоўнік Дзяржаўнага ўпраўлення выведкі сілаў спецаперацыяў.

Як кажа Вано, ён ваюе на баку Украіны, каб абараніць і родную Грузію, 20 % якой акупавана Расеяй, а краінаю кіруюць прарасейскія ўлады. Так сама, як і беларускія ваяры, ён у выгнанні і не можа вярнуцца дадому.

«У Грузіі цяпер прарасейскія ўлады – на жаль. І такія людзі, як я, у вышуку ў Грузіі. Бо гэта замова ФСБ уладам Грузіі. Я ў вышуку, бо ў 2007 годзе была аперацыя «Кадор 2007» супраць расейскага спецназу, ГРУ, і тады мы нашых ворагаў знішчылі. І пасля таго, як Саакашвілі ўжо не быў прэзідэнтам, прыйшлі вось гэтыя прарасейскія, яны спіс тых, хто ўдзельнічаў у той аперацыі, перадалі расейскай ФСБ. Цяпер я ў выгнанні, не магу на радзіму вярнуцца», – тлумачыць Вано.

Грузінскі ваяр з вялікім энтузіязмам распавёў пра наваствораны Другі інтэрнацыянальны легіён, нарукаўны знак якога ўпрыгожвае меч, атулены сцягамі Беларусі, Грузіі і ўкраінскім чырвона-чорным сцягам.

Другі інтэрнацыянальны легіён, нарукаўны знак.
Фота: «Белсат»

Ваяры Другога інтэрнацыянальнага легіёна віншавалі беларусаў з Днём Волі ў мінулым выданні праграмы «Ваяры»:

Чаму грузінскі ваяр называе беларускіх добраахвотнікаў супервоінамі? Як Вано ставіцца да Міхэіла Саакашвілі і пратэстаў у Грузіі супраць закону аб замежных агентах? Якім бачыць далейшыя лёсы Грузіі, Украіны і Беларусі? Дзе адпачывае падчас ратацыяў? Калі плануе наведаць Менск? Як беларускія валанцёры дапамагаюць грузінскім ваярам? Пра гэта вы даведаецеся з новага выдання «Ваяроў», у якім пабачыце эксклюзіўныя фота і відэа з асабістага архіву героя.

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: 2 Інтернаціональний Легіон оборони України / YouTube