Навучыла беларусаў рабіць абярэгі, як калісьці – Святлану Ціханоўскую


Нашая гераіня Вольга прывыкла адстойваць свой голас і праўду. На ўчастку, дзе яна галасавала, у школе ейнага сына, сфальсіфікавалі вынікі выбараў. Яна даказала, што на ўчастку перамагла Святлана Ціханоўская, а таксама папрасіла маці Лукашэнкі забраць яго да сябе.

І ў выніку пагрозаў і пераследу была вымушаная, разам з сынам, з’ехаць у Польшчу, дзе яму спатрэбілася тэрміновая аперацыя на нагах. Наш тэлеканал і фонд «BySol» дапамаглі сабраць сродкі на аперацыю. І Вольга захацела падзяліцца гэтай дабрынёй. Грошы, якія засталіся, яна патраціла на тканіны, на ўпрыгожванні. І звярнулася да нас з просьбаю зрабіць майстар-клас для рэпрэсаваных сем’яў – такі сабе кругазварот беларускай дабрыні ў свеце.

Мы звярнуліся ў сваю чаргу да Беларускага дому, які гасцінна адчыніў свае дзверы, стварыў прастору, пляцоўку, вылучыў час. І на майстар-клас прыйшлі беларускія дзеткі, якія стваралі, пад кіраўніцтвам Вольгі, свае лялькі-матанкі, анёлаў удачы. Людзей прыйшло больш, чым планавалася.

Вольга шмат гадоў займалася вырабам беларускіх этнаграфічных строяў, а таксама працавала з тканінамі і стварала абрадавыя і традыцыйныя лялькі.

Беларус беларусу
Папрасіла маці Лукашэнкі забраць яго да сябе
2022.01.24 20:13

«Прыйшло нашмат больш чалавек, чым зарэгістравалася. Я была вельмі прыемна здзіўленая, бо ў нас цяпер субота, раніца, а людзі прыйшлі. Трэба было нават прыносіць дадатковыя сталы», – падзялілася ўражаннямі прадстаўніца Беларускага дому Аляксандра.

Задаволеныя засталіся і Вольга з сынам Цімафеем, і ўдзельнікі імпрэзы, і самі арганізатары.

«Лічу, што не дарэмна я выбрала менавіта майстар-клас з анёлам. Хоць напачатку мне было так страшна – але сёння аж уздым энергіі. І якраз-такі абарона анёла нам цяпер усім неабходная. А яшчэ я паназірала за дзецьмі, за дарослымі – і адчула, што гэта менавіта тое, чаго ім не хапае».

Вользін майстар-клас у Беларускім доме.
Фота: «Беларус беларусу»

«Я веру ў тое, што гэта не варажба і не магія, а гэта энергія. Нашыя продкі разумелі, што кожны чалавек мае ўласную энергетыку, і што гэтую энергетыку трэба захоўваць. Яе трэба раздаваць, калі вакол нехта хворы, а калі табе трэба абарона – яе трэба захоўваць. Таму такая штука – як напамін самому сабе, што я хачу захаваць сваё жаданне і насіць яго з сабой. Гэта не магія. Гэта сапраўдная энергія», – сказала наведніца майстар-класу Ася, што прыйшла на яго з двума старэйшымі дзеткамі – дачкой і сынам.

«Кожнае дзіця, кожны дарослы ўкладаў сваю душу. Гэта было відаць і ў працэсе працы, і праз тое, якія разнастайныя атрымаліся анёлы. Некалі я ладзіла такі майстар-клас са Святланай Ціханоўскай, дзе яна рабіла ляльку разам з дзяўчынкай, і ў іх такі добры тандэм быў. Я б сказала, мінімалістычны. Але яны спалучалі шмат колераў, і шмат вузельчыкаў было», – успамінае гераіня.

Лялька, якую зрабіла ўдзельніца майстар-класу.
Фота: «Беларус беларусу»

Да слова, гэтая самая дзяўчынка Настачка – таксама адна з гераіняў нашай праграмы. І яшчэ чакае ажыццяўлення свайго жадання:

«На сёння маё жаданне здзейснілася, гэта і ёсць крок наперад. Мне б вельмі хацелася вярнуцца да рамяства, якім я займалася ў Беларусі, рабіць лялькі. З сённяшняга майстар-класу я бачу, што гэта трэба. Гэта карыстаецца попытам. Калі адзін аднаму дапамагаем, то гэта не абавязкова, што ты мне – я табе. І нават, калі я не ведаю, хто мне дапамог, я магу дапамагчы другому. А гэты другі – дапаможа наступнаму… І вось з гэтага складаецца салідарнасць», – сцвярджае Вольга.

А калі вы хочаце падтрымаць Вольгу – арганізаваць майстар-клас з ейным удзелам у сваёй прасторы, у сваім фондзе альбо арганізацыі, альбо замовіць строі, – вы можаце звярнуцца да нас, публічна ці ананімна, з любога пункту свету, лістуйце: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.