13 траўня абраны прэзідэнт Украіны апублікаваў на сваім «Facebook’у» «пасланне міру для жыхароў Крыму і Данбасу».
«Вынікам сустрэчаў з рэлігійнымі лідарамі стала пасланне міру для жыхароў Крыму і Данбасу. Дзякуй усім, хто пагадзіўся. Мы з вамі! Мы разам! Мы – адна краіна!», – напісаў Зяленскі ў допісе.
Свае звароты запісалі ганаровы патрыярх УПЦ Кіеўскага патрыярхату Філарэт, кіраўнік УПЦ Маскоўскага патрыярхату Ануфрый, Украінскай грэка-каталіцкай царквы Святаслаў, муфтый Крыму Айдэр Рустэмаў ды іншыя. Рэлігійныя лідары прапанавалі «забыць» пра канфлікт і распачаць перамовы.
Варта адзначыць, што ў роліку няма паслання ад кіраўніка новай украінскай царквы мітрапаліта Епіфанія.
Нагадаем, што напярэдадні другога туру выбараў Уладзімір Зяленскі заявіў пра намер «ваяваць» за Данбас.
Раней галоўны палітэхнолаг Зяленскага Дзмітрый Разумкоў заявіў, што каманда абранага кіраўніка Украіны не будзе весці перамовы з прадстаўнікамі ўладаў самаабвешчаных рэспублік.
ЮВ belsat.eu