Паводле інфармацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі Украіны, пасля апрацоўкі 98,42 % бюлетэняў у другі тур прэзідэнцкіх выбараў выходзяць актор Уладзімір Зяленскі і дзейны кіраўнік дзяржавы Пятро Парашэнка.
Зяленскі набраў амаль у два разы больш галасоў за свайго галоўнага апанента – 30,24 % супраць 15,92 %. Агулам за гумарыста прагаласавалі 5,616 млн украінцаў, за дзейнага прэзідэнта – 2,957 млн.
У топ-5 кандыдатаў па колькасці атрыманых галасоў увайшлі таксама былая кіраўніца ўраду Юлія Цімашэнка (13,39 %), былы віцэ-прэм’ер Юрый Бойка (11,66 %), якога лічаць прарасейскім кандыдатам, і былы міністр абароны Анатоль Грыцэнка (6,92 %).
Уладзімір Зяленскі перамог ва ўсіх рэгіёнах Украіны, дзе праходзілі выбары, за выключэннем пяці. У Львоўскай і Цярнопальскай вобласцях выбарцы аддалі перавагу Пятру Парашэнку, у Івана-Франкоўскай – Юліі Цімашэнка, у Луганскай і Данецкай – Юрыю Бойку. Дзеючы прэзідэнт атрымаў таксама найлепшыя вынікі ў галасаванні за мяжой.
У супрацьстаянні Уладзіміра Зяленскага і Пятра Парашэнкі, апошні набраў больш галасоў толькі ў трох вобласцях на захадзе Украіны. Ва ўсіх іншых перамогу святкаваў яго супернік.
МГ belsat.eu