Галіну Абакунчык абвінавачвалі ў працы на замежнае СМІ без акрэдытацыі.
Сёння 16 чэрвеня суд Жодзіна прыняў рашэнне пакараць штрафам у памеры 35 базавых велічынь Галіну Абакунчык. Штраф яна атрымала па артыкуле 22.9 адміністрацыйнага кодэксу – за працу без акрэдытацыі на замежнае СМІ.
Галіна кажа, што яна не будзе абскарджваць прысуд, бо не бачыць у гэтым сэнсу.
«Не для таго нас затрымалі і далі штраф, каб гэты штраф адмяняць. Расцэньваю такія паводзіны ўладаў – перадусім, як запалохванне, незаконную гульню ў законнасць і прагу залезці ў чужую кішэню. Бо так, як нас затрымлівалі цягне на некалькі артыкулаў адміністрацыйнага, а то і крымінальнага кодэксу», – кажа журналістка.
Журналістка таксама наракае на сістэму працы па акрэдытацыі.
«Ня хопіць пальцаў, каб пералічыць колькі разоў Белсат прасіў гэтую акрэдытацыю. Аднак яе не даюць без аніякай прычыны і тлумачэння, а без акрэдытацыі забараняюць працаваць. Гэта як – законна? Ці гэта такі закон, што яго можна выкарыстоўваць на ўласны густ і патрэбы?» – абураецца Галіна.
Нагадаем, што журналістку затрымалі разам з аператарам пасля стрыму з пікету па збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую, які адбываўся ў Жодзіне і трансляваўся ў сацыяльных сетках Белсат 5 чэрвеня.
Гэта не адзіны выпадак затрымання журналістаў «Белсату» за стрымы. Апошнім часам ледзь не кожны стрым для нашых калегаў сканчваўся гадзінамі ў пастарунках, пратаколамі і штрафамі.
КТ belsat.eu