Закрылі школы і раздалі рэспіратары: сталіца Індыі ператварылася ў «газавую камеру»


Праз моцны смог у Дэлі ўлады Індыі пайшлі на надзвычайныя захады. Адмысловая камісія Вярхоўнага суду Індыі загадала спыніць будаўнічыя працы, забараніла салюты ды спыніла працу школаў да 5 лістапада.

Мясцовыя ўлады кажуць, што Дэлі цяпер нагадвае «газавую камеру», а дзецям і дарослым раздалі амаль 5 млн рэспіратараў.

Галоўная прычына смогу ў Дэлі – падпальванне палёў. Тысячы індыйскіх фермераў з суседніх штатаў Хар’яна і Пенджаб падпальваюць у лістападзе палі, каб падрыхтаваць зямлю да наступнага сезону.

Сітуацыю таксама пагаршае і нацыянальнае свята Дзівалі, якое адзначаецца ў канцы кастрычніка. Падчас святкаванняў па ўсёй Індыі ладзяць фестываль агнёў, запальваюць свечкі і ліхтарыкі, запускаюць феерверкі.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў