Задушлівы пах серы

Прэс-сакратар прэзідэнта апраўдвае знос крыжоў, усталяваных у Курапатах, неабходнасцю навядзення там парадку. Парадак патрэбны. Што разумець пад парадкам?

На старых могілках у маёй роднай Горадни, дзе пахаваныя мая цётка і яе муж, мой хросны, наведзены парадак, як яго разумее гарадская ўлада. Ёсць цэнтральная алея, па якой можна прайсці і ўскласці вянкі да магіл, што размешчаныя ўздоўж яе. Сысці ў бок – ужо вельмі праблематычна. Праходы паміж агароджамі зараслі настолькі густа, што іх не тое што выкасіць (не разгорнецца там чалавек з касой), але нават выкарчаваць немагчыма. Хмызняк трымае цябе за рукі, не даючы прайсці да патрэбнай магілы. Але парадак – ёсць.

Раней гэта здавалася натуральным. Могілкі былі старыя і, у прынцыпе, калі ты ішоў па пратаптанай сцежцы, кусты цябе не бянтэжылі. Зараз, калі галоўная алея, што называецца, добраўпарадкавана – не прадыхнуць ад шчырай падзякі. І не адхіліцца.

Парадак у разуменні ўлады – гэта калі не адхіліцца ад зададзенага маршруту. Паглядзіце налева – магіла сакратара райкаму партыі, паглядзіце направа – надмагілле бізнесоўца эпохі 90-х, проста… – карацей, куды-небудзь выйдзем.

Куды? Куды выйдзем?

Крыжы, устаноўленыя на сабраныя грамадзянскімі актывістамі грошы, былі выйсцем з сітуацыі, калі ўлада наадрэз адмаўлялася прызнаваць Курапаты месцам смутку і памяці. Пад масавым ціскам, нарэшце, прызнала. Для гэтага патрэбны быў хор галасоў, куды ўпляліся галасы бізнесоўцаў, партыйных лідэраў, дзеячаў культуры на чале з адзіным у краіне лаўрэатам Нобелеўскай прэміі, і нават уласных чыноўнікаў. Было прынята рашэнне стварыць там мемарыял.

Стварылі. На дзяржаўныя грошы.

Далей трэба вызначыць, хто і куды ідзе.

Крыжы былі асуджаныя, паколькі памяць у нашай краіне не можа належаць каму-небудзь, акрамя ўлады. Улада хоча вызначаць, што мы павінны памятаць, наколькі моцна і ў якой менавіта інтэрпрэтацыі. І калі на прыкладзе Кастуся Каліноўскага яна пакуль проста абмяжоўваецца словамі прыдворнага гісторыка, які важыцца ў Вальтэры пры нашым усеўладным фельдфебелю, то ў Курапатах грамадская інтэрпрэтацыя падзей сталінскай эпохі здабыла цалкам канкрэтны выраз.

Крыжы нагадвалі не пра час рэпрэсій Сталіна, а пра час бяздзейнасці і процідзеяння Лукашэнкі. Іх знеслі. Цяпер кожная прыўладная жанчынка мае права сказаць нешта накшталт:

– Вас тут не стаяла. А калі стаяла, то няправільна, незаконна. Беспарадак гэта.

Такі беспарадак – практычна пры ўездзе ў кожную вёску цэнтральнай і заходняй Беларусі. Пры абочыне дарогі, на месцы, дзе кагосьці збіў аўтамабіль. У кропках бітваў нашых продкаў у васемнаццатым і дзевятнаццатым стагоддзях. Там стаяць крыжы, замацоўваюцца іконы, гараць свечкі. Гэта – наш народны абярэг.

Ліквідуючы крыжы падчас крыжапаклоннага тыдня, ўлада здзейсніла выразна і адназначна чытаны жэст: крыж як абярэг больш не дзейнічае. Будзе дзейнічаць пры адзінай умове – калі сытая фізіяномія старшыні мясцовага сельсавета не атрымае ўказанне зверху яго знесці.

Бо калі атрымае – не тое што крыж, але сам Ісус, спусціся ён з нябёсаў, яго не спыніць.

Але Ісус у Беларусь спусціцца не хутка. Замест ладану і міра па краіне каторы год распаўсюджваецца задушлівы пах серы.

Дзякуй блогеру, які падказаў мне гэты вобраз. Ён гранічна дакладны. Праўда, жанчынкі ва ўладзе аддаюць перавагу «Шанэль», а таму серы не чуюць. Ды і рожкі так лёгка схаваць у густой кучме валасоў.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў