У Горадні адбылася прэзентацыя альбому «Кароткая гісторыя Беларусі», у якім Алесь Дзянісаў паклаў на музыку вершы сляпога паэта са Скідзелю Алеся Чобата.
Альбом складаецца з 24 песняў, прысвечаных розным момантам гісторыі Беларусі. Тут і Панятоўскі, і касінеры, і Тарашкевіч, і Балаховіч, і трагедыя скідзельскіх габрэяў, закатаваных цягам ІІ Сусветнай, і познесавецкія часы роспачы і русіфікацыі.
Паводле Дзянісава, прэзентацыя альбому, якая прайшла на пляцоўцы «Цэнтру гарадскога жыцця» у Горадні, першая, хоць некаторыя песні яны з музыкамі ўжо гралі раней: апошнім разам у Вілейцы, а ўжо ў суботу – сыграюць у Віцебску.
Гэтым разам атрымалася сабраць амаль усіх, хто ўдзельнічаў у стварэнні альбому: ад флейтыста Васіля Валошчыка, які здымаўся ў адзіным пакуль кліпе на песню з альбому («Турма»), да паэткі Дануты Бічэль, якая некалі і пазнаёміла Алеся Дзянісава з творчасцю Чобата.
Падрабязней пра альбом, творчыя пошукі ды перспектывы распавядае Алесь Дзянісаў:
«Паўстанне альбому. Каб мы з Чобатам адзін аднаму не спадабаліся, нічога б не было. Мяне некалькі вершаў вельмі зачапілі, таму я хацеў, каб яны паўсталі ў музычным выкананні. Я прыязджаў да Алеся Фёдаравіча ў Скідзель, граў яму, каб ён усё пачуў першым і выказаў заўвагі. Гэта было вельмі важна: зрабіць аўтара вершаў першым слухачом.
Чаму Чобат, а не іншы паэт? Я заўжды казаў, што змагаўся за гэты горад, і буду змагацца. Мне хочацца прасоўваць акурат нашых аўтараў. Усе ведаюць таго ж Барадуліна, а што з гарадзенцамі? Няўжо ў нас паэтаў няма? Ёсць, але яны забытыя. Таму я спяваю песні на словы Дануты Бічэль або Алеся Чобата.
Заходнебеларускі акцэнт. Той склад, тыя словы, якія падбірае Чобат – геніяльныя. Тыя характарыстыкі, якія ён дае асобам або падзеям, настолькі вострыя, яскравыя… Ажно задумваешся: як у яго гэтак атрымалася? Часам кажуць, што ягоныя тэксты і трактоўка гісторыі маюць «польскі акцэнт». Акцэнт не польскі, а ўсё ж такі заходнебеларускі. А што зробіш? Аўтар тут жыў, перажываў усё гэта».
Песню «Калі над Бугам бусел праляцеў» з сольнага альбому Дзянісава таксама зайграюць «Dzieciuki».
АК, belsat.eu