18 красавіка на пасяджэнні ўраду прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў аб узмацненні санкцыяў супраць Украіны.
Расейскія ўлады вырашылі забараніць экспарт нафты і нафтапрадуктаў ды імпарт прадукцыі ўкраінскага машынабудавання, лёгкай прамысловасці ды металаапрацоўкі, паведамляе афіцыйны «Twitter» Мядзведзева.
Акрамя таго, з 1 чэрвеня Расея ўводзіць абмежаванні на пастаўкі вугалю ва Украіну. Праўда, вываз вугалю, нафты і нафтапрадуктаў ва Украіну будзе магчымы пры наяўнасці адмысловых дазволаў.
Забарона на экспарт нафты і нафтапрадуктаў пачне дзейнічаць з 1 чэрвеня 2019 года. Расейскі ўрад таксама пашырыў спіс забароненых для ўвозу ў Расею ўкраінскіх тавараў. Сярод іх апынуліся ўкраінскія ватнікі, станікі, каструлі, панчохі і шэраг іншых. Поўны спіс можна паглядзець тут.
10 красавіка ўлады Украіны абвясцілі аб чарговым пашырэнні гандлёвых санкцыяў супраць Расеі. Кіеў забараніў імпартаваць з Расеі мяса, рыбу, малако, сыр, хлебабулачныя вырабы, гарбату, каву, цыгарэты і шэраг іншых тавараў.
Расея адказала на гэта абмежаваннем імпарту з Украіны аналагічных прадуктаў ды ўвяла гандлёвыя мыты на ўкраінскія тавары.
Варта адзначыць, што пагадненне аб асацыяцыі з Еўразвязам прадугледжвае стварэнне да 2023 года мінімальнага запасу нафты і нафтапрадуктаў на выпадак надзвычайных сітуацыяў ва Украіне. Запас мае быць эквівалентны 90 содням чыстага імпарту або 61 содням сярэднесутачнага спажывання.
Паводле Дзяржаўнай фіскальнай службы Украіны, цягам першых трох месяцаў 2019-га Украіна імпартавала з Расеі нафты і нафтапрадуктаў на $ 459,9 млн. Доля імпарту дасягнула 41,45 %.
У студзені Аляксандр Лукашэнка адказаў на абвінавачанні ў тым, што ўкраінскія танкі ездзяць на беларускай салярцы. «У апошні час нас пачалі папракаць, што мы запраўляем танкі [украінскія – Заўв. Belsat.eu] дызельным палівам. Я даручыў разабрацца, якое там дызельнае паліва. Калі мне далажылі (я толькі што даведку другі раз прачытаў), там жа ўсё дызельнае паліва расейскае. І расейцы пастаўляюць, пастаянна нарошчваючы аб’ёмы гэтых паставак – бензіну і дызельнага паліва – ва Украіну. Дык як жа так? Мы ваюем з Украінай ці Расея? І хто запраўляе гэтыя танкі? А нашыя аб’ёмы змяншаюцца. Нас проста выштурхваюць з украінскага рынку», – заявіў Лукашэнка.
На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка даручыў распачаць рамонт нафтаправоду «Дружба» па якім Расея пастаўляе нафту ў Польшчу, Нямеччыну, Украіну, Венгрыю, Славакію, Чэхію. Даручэнне кіраўніка Беларусі стала рэакцыяй на абмежаванне паставак садавіны з Беларусі ў Расею.
19 красавіка на стадыёне «Алімпійскі» у Кіеве адбудуцца дэбаты кандыдатаў у прэзідэнты Украіны. Фінал прэзідэнцкай гонкі адбудзецца 21 красавіка.
ЮВ belsat.eu