«Усе панікуюць, асабліва пенсіянеры». Ці спраўляюцца Стоўбцы з пандэміяй?


У Стоўбцах, што на Меншчыне, праз эпідэмію шмат якіх жыхароў ахапіла паніка. Лекары ўсцяж заяўляюць, што спраўляюцца, а ўлады праблемы не прызнаюць. Каму варта верыць у гэтай сітуацыі?

Забралі амаль увесь пад’езд

Сваімі назіраннямі пра тое, як жывуць Стоўбцы, падзяліўся мясцовы жыхар Сяргей, які дастаўляе гараджанам прадукты і праз тое часта размаўляе з імі, у тым ліку і пра каронавірус.

Аб’ектыў
COVID-19: Стоўбцы – чырвоны пункт на мапе
2020.04.27 23:20

«Усе панікуюць, асабліва пенсіянеры. Калі робім дастаўку на дом, самі абараняемся, касцюмы апранаем, але пенсіянеры, іхныя сваякі ды блізкія баяцца. Паводле іх, вельмі шмат суседзяў забіраюць. У адным доме на вуліцы Цэнтральная амаль увесь пад’езд забралі. Усё гэта хаваюць», – кажа Сяргей.

Паводле яго, расце і колькасць пахаванняў на могілках.

Фотарэпартаж
«Вайна ёсць вайна, а на вайне ёсць ахвяры». Як адзначылі Радаўніцу ў Стоўбцах
2020.04.28 22:58

Сяргей адзначыў, што, напрыклад, памерла жанчына, якой не было і 65 гадоў і якая жыла па суседстве ад яго працы. Афіцыйна ёй паставілі дыягназ сардэчная недастатковасць, «хаця быў станоўчы тэст на гэты вірус».

Улада не спяшаецца інфармаваць людзей і ўводзіць супрацьэпідэміялагічныя захады. Прадпрымальнікі самі вешаюць абвесткі на сваіх крамах, што ўваход без маскі забаронены.

«Я зрабіў невялікія брашуркі пенсіянерам. Калі еду да старэйшых дадому, дастаўляю разам з антысептыкам бясплатна, каб ведалі чаго асцерагацца і што гэта такое. Бо ёсць людзі, якія не ўсведамляюць таго, што адбываецца», – кажа Сяргей.

Вуліцы апрацоўваюць толькі каля міліцыі ды райвыканкаму

Суразмоўца таксама адзначыў, што людзей на вуліцах гораду зрабілася «разоў 5 меней», чымся было да пандэміі. Многія сядзяць у самаізаляцыі або каранціне.

ВІДЭА
Рэдактар Стаўбцоўскай газеты «Прамень»: «Памерлых з прычыны пнеўманіі ў ЦРБ няма»
2020.04.27 20:27

З цэнтралізаваных захадаў, якія ўсе бачаць, у горадзе адно дэзінфекуюць вуліцы. Але і з гэтым ёсць праблемы, кажа супрацоўніца адной з мясцовых крамаў Анастасія. На падстанцыі электрасетак на вуліцы Гайдука побач з ейнаю хатай працаваў чалавек, які памёр праз COVID-19.

«Ні разу не было машыны, якая б прыехала і апрацавала там антысептыкам. Чаму? Яна ездзіла ад райвыканкаму, павярнула на міліцыю і паехала далей. Ні разу мы не бачылі, каб да нас заязджала машына. Цэнтральную вуліцу апрацавалі, міліцыю апрацавалі, а прыватныя дамы?» – абураецца суразмоўца.

Сітуацыю ў Стоўбцах яна ацэньвае як «вельмі цяжкую». Пры гэтым 25 красавіка ў дзяржаўных установах прайшоў суботнік. Прыватныя арганізацыі ад яго правядзення адмовіліся.

Асабістая адказнасць перадусім

У Стаўбцоўскай санэпідэмстанцыі карэспандэнту Belsat.eu дакладнае статыстыкі адносна сітуацыі з каронавірусам у горадзе не паведамілі. Параілі звяртацца ў Міністэрства аховы здароўя. Але само становішча крытычным не лічаць.

«Працуем, спраўляемся пакуль», – адзначыў галоўны лекар.

Аб’ектыў
Што адбываецца ў Стоўбцах?
2020.04.21 22:21

Што датычыць нейкіх асаблівых рэкамендацыяў для жыхароў, то інфармацыя «і так ужо перанасычаная».

«Іншая справа, калі б усе ўсё выконвалі. Асабістая адказнасць грамадзянаў мусіць быць перадусім», – падкрэсліў лекар.

Адносна дэзынфекцыі вуліц ён адзначыў, што ў горадзе апрацоўваюць перадусім цэнтральныя вуліцы і тыя, па якіх найчасцей ходзяць людзі. Па дакладныя звесткі суразмоўца параіў звярнуцца ў АКС Стаўбцоўскага раёну, але там да адпаведнага аддзелу датэлефанавацца не атрымалася.

МГ Belsat.eu

Стужка навінаў