У інтэрнэце апублікавалі петыцыю да Міністэрства абароны, у якой патрабуюць забараніць рух танкаў ды іншай гусенічнай тэхнікі падчас параду ў рысе гораду.
Стваральнікі петыцыю таксама патрабуюць скасаваць палёты знішчальнікаў ды іншай баявой авіяцыі ў 20-30 метрах ад жылых будынкаў.
«Любая тэхніка, хай і самая сучасная, можа адмовіць. Асабліва падчас здзяйснення фігур вышэйшага пілатажу. Падвяргаць жыхароў гораду такой небяспецы проста абсурдна!», – гаворыцца ў тэксце.
У петыцыі прыгадваюць інцыдэнты з танкамі (у 2017-м танк урэзаўся ў слуп, сёлета ледзь не ўехаў у мінакоў) і просяць не выкарыстоўваць падобную тэхніку на парадах або, на крайні выпадак, знізіць хуткасць руху калонаў.
Пры гэтым у петыцыі адсутнічаюць якія-кольвек згадкі пра салюты. За некалькі гадзінаў пад ёй падпісаліся больш за 300 асобаў.
Нагадаем, дзясятак чалавек пацярпелі і адна жанчына загінула ад аскепку, калі 3 ліпеня салюты разарваліся занадта нізка. Двое пацярпелых былі пераведзеныя сёння ў Галоўны вайсковы шпіталь. Паводле Мінабароны, асноўная версіяй здарэння застаецца нізкая якасць зарадаў, што выкарыстоўваліся ў салюце.
КА belsat.eu