Ізалятар Першамайскага РУУСу хоча спагнаць з актывіста 61,25 рублёў за тое, што ў 2016 годзе актывіста трымалі ў пастарунку 10 гадзінаў. Ліст з рахункам прыйшоў толькі цяпер.
Актывіста затрымалі 11 верасня пасля парламенцкіх выбараў у скверы, куды Леанід Кулакоў разам з дзвюма асобамі прыйшоў адпачыць пасля дня назірання на выбарым участку.
Як кажа сам Леанід Кулакоў, адбылася фальсіфікацыя: яго з паплечнікамі абвінавацілі за пустыя бутэлькі пад скамейкамі.
«Нас завезлі без медычнага агляду ў Першамайскі РУУС. Там напісалі, што алкаголь у крыві адсутнічае. Пасля запісалі, што 0,1 праміле ў крыві і адправілі ў выцвярэзнік, дзе запісалі 0,5. На наступны дзень суддзя Грабатоўскі ў выцвярэзніку зладзіў закрытае выяздное паседжанне і прысудзіў трое содняў. А пазней на старонцы прэс-службы ведамства з’явілася інфармацыя, што ў мяне было 1 праміле».
Адбываў пакаранне Леанід Кулакоў у ізалятары на Акрэсціна. Аднак першыя 10 гадзінаў яго сапраўды трымалі ў выцвярэзніку.
«Мой адвакат звяртаўся ў РУУС з пытаннем, адкуль узяліся гэтыя змены ў пратаколе. Дагэтуль мы не атрымалі адказу».
Утрыманне ў ізалятары – платнае, каштуе як нумар у гатэлі . Адна ноч каштуе 61,25 рублёў. «Кліент» плаціць за транспарт, медычны агляд, начлег.
ДР belsat.eu