Яна выцягнула відэлец з вока міністра абароны СССР. Гісторыя выбітнага беларускага афтальмолага


 

Беларуская вучоная і медык Таццяна Бірыч. Фота – БелТА

10 студзеня споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння Таццяны Бірыч, беларускай лекаркі, вучонай і намесніцы старшыні Вярхоўнага Савету БССР. Яе праўнук Францішак Цярэшка распавядае «Белсату» тры гісторыі, якія характарызуюць ягоную бабулю.

Таццяна Бірыч была чалавекам, якая ўсё рабіла дзеля навукі. Падчас вайны жаўнеры масава атручваліся метылавым спіртам, які знішчаў зрок. Мая прабабуля ўпершыню зразумела, што калі ў вока напампаваць кісларод, то адбудзецца ягонае натуральнае аднаўленне. Спачатку яна выпрабавала гэты метад на сабе, колючы кісларод сабе ў вока адмысловай падушкай.

Увогуле, шмат якія лекі яна выпрабоўвала спачатку на сабе.

У тым умовах гэта было ўнікальна, а яе распрацоўкамі зацікавіліся іншыя навукоўцы. Пасля вайны з гэтага метаду адгалінаваліся розныя іншыя метады лячэння глаўкомы і катаракты. Можна сказаць, што ейныя эксперыменты запачаткавалі актыўнае развіццё афтальмалогіі ў свеце.

Яна вельмі шмат чытала. Цудоўна валодала ангельскай і нямецкай мовай, выпісвала навуковыя часопісы з-за мяжы.

Упершыню ў Савецкім Саюзе лячылася ад слепаты.

Францішак Цярэшка, праўнук беларускай вучонай Таццяны Бірыч. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

У 70-я гады ў вока міністра абароны Савецкага Саюзу [імаверна гаворка вядзецца пра Андрэя Грэчка або Дзмітрыя Усцінава. – Заўв. «Белсат»] патрапіў відэлец. Ён патэлефанаваў з Масквы менавіта Таццяне Бірыч. Яна адказала яму, што праз дзень яна зробіць яму аперацыю, а потым ён мусіць паляжаць тыдзень у шпіталі ў Маскве. А ён сказаў, што навёў даведкі і хацеў б ляжаць менавіта ў яе шпіталі. На той момант гэта быў барысаўскі шпіталь.

У сталінскія часы рэпрэсавалі ейнага мужа. А тое, што яна сама не патрапіла пад рэпрэсіі, сведчыць пра яе высокі аўтарытэт як навукоўца ў тагачасным савецкім грамадстве.

Для працы ў навуцы яна падрыхтавала і сваю дачку, маю бабулю Тамару Бірыч, якая стала выбітным прафесарам.

Вясёлкавая абалонка

Свае навуковыя працы прабабуля пісала пісала на розных мовах, а кніжкі – па-расейску, бо гэта была мова навукі ў Савецкім Саюзе [Таццяна Бірыч – аўтарка больш за 230 навуковых працаў, у тым ліку 4 манаграфіяў. – Заўв. «Белсат»].

Прабабуля вельмі актыўна займалася тэмай беларускай мовы. Заўсёды пыталася студэнтаў, на якой мове з імі размаўляць. Яны казалі: «Ну канешне па-расейску». А яна: «А чаму б не зрабіць па-беларуску? Вось глядзіце. Як будзе па-беларуску «радужная оболочка?» Ніхто не адказвае. Яна: «Вясёлкавая абалонка. Бачыце – гэта весела».

Яна была другім чалавекам у БССР – намеснікам старшыні Вярхоўнага Савету [у 1963–67 гадах.- Заўв. «Белсат»], і падымала гэтае пытанне і на вышэйшых узроўнях.

Яна была аўтарытэтным лідарам меркаванняў, гэткім «шэрым кардыналам», які ўплываў на палітыку. Да яе прыслухоўвалася кіраўніцтва – і яна гэтым карысталася.

Яна закладала падмуркі таго, што мы сёння называем беларушчынай.

Жалезны ложак

Маючы вельмі вялікі ўплыў і павагу ў савецкім грамадстве, Таццяна Бірыч не займалася, як мы кажам сёння, піярам, самапрэзентацыяй, прасоўваннем сваёй асобы.

Яна была аскетам і чалавекам прынцыпу: адмаўлялася ад узнагародаў і ўсялякіх дабротаў – напрыклад, наменклатурнага лецішча на Нарачы. Казала, што працуе для працоўнага люду, і для яе гэта непрымальна.

Да канца жыцця спала на жалезным ложку, кажучы, што займаецца навукай, а не сваёй выгодай.

У 1945-1985-м гадах Таццяна Бірыч загадвала кафедрай вочных хваробаў Менскага медычнага інстытуту. У гэтыя ж гады была галоўным афтальмолагам Міністэрства аховы здароўя БССР. Фота – БелТА

Сваякі на яе аскетызм рэагавалі па-рознаму. Ейная дачка ў жартоўнай форме папракала, што чаму б не скарыстацца прапановай уладаў. Прабабуля адказвала проста: «Няхай карыстаюцца тыя, каму гэта сапраўды неабходна».

  • Таццяна Бірыч нарадзілася 10 студзеня 1905 года ў вёсцы Лошніца пад Барысавам. Займалася лячэннем сухотаў і апёкаў вачэй, кровазліццём у сятчатку ў нованароджаных пры нармальных і паталагічных родах. Упершыню ў СССР медык Бірыч ужыла метад крыяхірургіі пры захворваннях вачэй – напрыклад, пачала выдаляць катаракту з дапамогай нізкіх тэмператураў.
  • Была ганаровай грамадзянкай Менску.
  • Імем Таццяны Бірыч названая вуліца ў Барысаве. На будынку афтальмалагічнага аддзялення 3-й менскай больніцы ўсталяваная памятная дошка ў гонар вучонай.

Дзяніс Дзюба belsat.eu

Стужка навінаў