Гэтая інструкцыя дапаможа вам пашыць маску самастойна, нават без швачнай машыны. Паверце, яна вельмі простая: нашая фатографка не ўмее шыць – і справілася.
Вам спатрэбіцца:
– Тканіна і гумка, нажніцы, лінейка і канешне ніткі з іголкай.
Якая тканіна падыдзе:
– Рэкамендуем выкарыстоўваць натуральную тканіну, якая не цягнецца;
– Паліэстар ці іншая паветранепранікальная тканіна створыць праблемы пры дыханні;
– Тканіна павінна быць чыстай і ў добрым стане.
Складзіце тканіну напалову. Сагніце тканіну па двух баках прыкладна на адзін сантыметр.
Праходзімся прасам.
Зрабіце тры складкі. Ад краю адступіце прыкладна тры сантыметры і папрасуйце з двух бакоў. Складкі дадуць нам дадатковую прастору, каб дыхаць было камфортна.
Акуратна развярніце нашу гармошку. Адзін канец гумкі прыкладаем да краю гарызантальнага бока тканіны, другі – пасярэдзіне. Складаем гармошку так, каб гумка апынулася ўнутры. І акуратна прашываем край тканіны разам з гумкай.
З другой гумкай паступаем гэтак жа.
Праз адтуліну выварочваем тканіну так, каб швы схаваліся ўнутр. Наша маска атрымалася з кішэнькай. Можна ўкласці ў яе дадатковы фільтр – марлю або бінт.
Памятайце! Маска не абароніць вас ад каронавірусу. Лепшы спосаб не заразіцца – застацца ўдома. Маска пасуе толькі для хворых, дапамагае ім не распаўсюджваць інфекцыю. Таксама яна абароніць здаровага, які прыйшоў праведаць хворага чалавека. Калі вы маеце магчымасць, то выкарыстоўвайце аднаразовую маску і выкідайце яе пасля выкарыстання.
Будзьце здаровыя!
Тэкст і гіфкі падрыхтавала Ірына Арахоўская Belsat.eu