Як 70 тысяч беларусаў абараняла Польшчу


Нядаўна пабачыла свет кніга «Заходнебеларуская Атлантыда 1921-1941», якая распавядае пра гісторыю ўсходніх ваяводстваў Польшчы, далучаных да БССР у 1939 годзе. Belsat.eu пацікавіўся ў аўтара кнігі, кандыдата гістарычных навук Ігара Мельнікава, чым яго зацікавіў феномен беларускіх земляў у складзе Польшчы і чаму даследчык апісвае гісторыю на падставе людскіх лёсаў.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Для каго вы напісалі «Заходнебеларускую Атлантыду»? Нядаўна беларускі публіцыст Алесь Чайчыц раскрытыкаваў беларусаў, «якія захопліваюцца часам, калі Заходняя Беларусь была часткай Польшчы».

Мая кніга – гэта не гісторыя польскіх акраінаў («крэсаў»), а кніга пра гісторыю Беларусі, напісаная з беларусацэнтрычнага пункту погляду. Яна адрасаваная не палякам, але перадусім маладым беларусам. Кніга не мае на мэце паказаць, як добра было ў даваеннай Польшчы. Публікацыя мае прадставіць гісторыю, пра якую да гэтага часу ў Беларусі не гаварылі. Напрыклад, пра ўдзел беларусаў у Польскай кампаніі 1939-га года (у верасні 1939 года на Польшчу напала гітлераўская Нямеччына і Савецкі Саюз – Belsat.eu). Гэта нашая беларуская гісторыя, і мы павінны ганарыцца гэтымі людзьмі, як мы ганарымся савецкімі воінамі, якія вызвалялі Беларусь. Варта таксама распавесці пра побыт беларусаў у тагачаснай Польшчы, які адрозніваўся ад паўсядзённага жыцця ў БССР. Я сустракаюся з такімі людзьмі як Чайчыц, якія негатыўна настроеныя  да «польскасці», угледжваючы ў гэтым пагрозу. Яны ствараюць міф пра ваяўнічы нацыяналізм, а нам патрэбны здаровы нацыяналізм – не нянавісць да суседзяў, але павага да свайго.

Чаму вы заняліся гісторыяй менавіта тых беларускіх земляў, якія належалі перад вайною Польшчы?

Ні сучасная, ні тым больш савецкая гістарыяграфія не займаліся гэтым пытаннем. Акцэнт рабіўся на вызваленні Заходняй Беларусі савецкімі войскамі 17 верасня 1939 года або на каланіяльным характары польскіх уладаў. Ніхто не вывучаў, як жылі людзі на гэтай тэрыторыі. Калі 10 гадоў таму я ў Менску збіраў матэрыялы для кандыдацкай дысертацыі пра гісторыю XIX стагоддзя, мне трапляліся пад руку шматлікія дакументы менавіта пра міжваенны час. Пазней, падчас маіх паездак па Беларусі, я пачаў збіраць і купляць розныя рэчы і фатаграфіі з гэтага перыяду. Я размаўляў таксама з людзьмі, якія памятаюць міжваенны перыяд. Гэтак я сабраў калекцыю, з’явіўся архіў, з дапамогай якога можна было расказаць беларусам, што адбывалася ў перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі.

Колькі рэліквіяў з таго перыяду захавалася па сённяшні дзень у беларускіх сем’ях?

Вельмі шмат. Пашпарты, дакументы, грошы, нават рэчы паўсядзённага выкарыстання. Беларусы не выкідвалі такіх рэчаў. Я знайшоў нават партрэты Пілсудскага (першы кіраўнік незалежнай Польшчы ў 1918–1922 гадах – Belsat.eu), Масціцкага (прэзідэнт Польшчы ў 1926-1939 гадах – Belsat.eu) і Рыдза-Сміглага (вярхоўны галоўнакамандуючы польскага войска падчас абароны краіны ў 1939-ым годзе), якія віселі некалі ў школе ў Нарачы. Яны захаваліся недзе на гарышчы – людзі знайшлі іх і прадалі мне.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Чаму вы ставіце акцэнт у кнізе на гісторыі асобаў? У кнізе можна знайсці мноства гісторый і аповедаў простых людзей.

Архіўныя дакументы дэманструюць перадусім агульныя з’явы. Напрыклад, расстралялі або дэпартавалі 100 чалавек, а ў калгас запісаліся 50 асобаў. А што гэта былі за людзі, і чаму, напрыклад, дзясяткі тысяч беларусаў запісалася ў польскае войска і мужна змагаліся супраць нацыстаў? Чаму, напрыклад, падчас бітвы пад Млавай (бітва 1-3 верасня 1939-га года, адна з першых абарончых бітваў Польшчы супраць нямецкіх захопнікаў – Belsat.eu), у 20-ай дывізіі з Баранавічаў, у шэрагах якой былі пераважна жаўнеры беларускага паходжання, толькі два байцы былі пакараныя судом за дэзерцірства? І гэта нягледзячы на ​​тое, што Польшча была для іх не маці, а хутчэй мачахай. І гэта перадусім людзі, якія не маглі вучыцца ў школе па-беларуску і атрымаць бясплатную адукацыю.

Вы згадалі лаяльнасць беларускіх жаўнераў да перадваеннай Польшчы. А колькі было дакладна беларускіх вайскоўцаў у войску Польшчы?

Дакументы кажуць пра 70 тыс. польскіх грамадзянаў праваслаўнага веравызнання з земляў сучаснай Беларусі, якіх можна лічыць этнічнымі беларусамі. І як сведчаць дакументы, сярод іх быў невялікі адсотак дэзерціраў.

А колькі было этнічных беларусаў сярод афіцэраў польскага войска?

З гэтым справа выглядае горш, бо лягчэй было стаць афіцэрам, дэманструючы прыхільнасць да польскасці. Тым не менш, гісторыя ведае некаторыя іншыя выпадкі. Дакладна вядома пра беларуса, паручніка Маліноўскага, які камандаваў бронецягніком пад Берасцем. Быў таксама Віктар Меянюк, падпаручнік рэзерву 802-га пяхотнага палка, які браў удзел у абароне Берасцейскай крэпасці. Іншы прыклад – Францішак Кушаль, які пазней пры немцах стаў камандзірам Беларускай краёвай абароны. Перад гэтым ён быў афіцэрам польскай арміі, які трапіў у савецкі палон, і якога не расстралялі толькі таму, што ён быў беларусам.

Ці беларусы, якія служылі ў польскай арміі, былі аб’ектам савецкіх рэпрэсіяў?

Афіцэраў адпраўлялі ў турму – яны маглі прайсці праз усе этапы савецкай рэпрэсіўнай машыны. Простых жаўнераў звычайна вызвалялі. Тым не менш, вядомая гісторыя беларуса Якуба Конана, які ўдзельнічаў у абароне Львова ад савецкіх войскаў. Ён не быў афіцэрам, аднак і так яго саслалі ў Сібір. Адтуль ён выбраўся дзякуючы арміі Андэрса (польскае збройнае фармаванне ў часы ІІ сусветнай вайны, якое складалася пераважна з былых вязняў Гулагу – Belsat.eu) і ваяваў пад Монтэ-Касіна (вырашальнае змаганне ў Італіі, у выніку якога ў 1944-ым годзе саюзныя войскі прарвалі нямецкія ўмацаванні і захапілі Рым – Belsat.eu). Некаторыя беларусы ваявалі да канца кампаніі ў верасні 1939-га года, як хоць бы жаўнеры аперацыйнай групы «Палессе», у складзе якой супраць немцаў і бальшавікоў змагалася вялікая колькасць праваслаўных байцоў з гэтага рэгіёну.

У «Заходнебеларускай Атлантыдзе» шмат месца адведзена паўсядзённаму жыццю. Кнігу, пэўна, можна разглядаць як энцыклапедыю для беларусаў пра жыццё ў даваеннай Польшчы.

Я хачу паказаць, што падзеі ў Заходняй Беларусі паміж двума сусветнымі войнамі – гэта таксама гісторыя Беларусі. Як і ў сучаснай афіцыйнай беларускай гістарыяграфіі, гэтак і ў савецкай, дадзеная тэма вельмі палітызаваная. Напрыклад, навукоўцы намагаліся давесці, што палітыка польскай дзяржавы была скіравана на поўную паланізацыю, аднак ніколі не гаварылася пра механізмы і інстытуты паланізацыі. Паланізацыя, можна сказаць, была мяккай у параўнанні з савецкай русіфікацыяй. Бальшавікі русіфікавалі, проста забіваючы эліту. Палякі дазвалялі ўзнімацца па сацыяльнай лесвіцы, але даводзілася падкрэсліваць сваю польскасць. Ёсць таксама пытанні паўсядзённага жыцця, пра якія нельга даведацца з афіцыйнай гісторыі: што елі, у што апраналіся, за што рабілі набыткі, пытанні эміграцыі. Высветлілася, што да сённяшняга дня беларусы захоўваюць пашпарты, дакументы і нават грошы, заробленыя іхнымі продкамі, што выехалі ў ЗША ці ў краіны Балтыі ў пошуках працы.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

Ці хутка польская частка Беларусі паддалася савецкай асіміляцыі?

Да сённяшняга дня існуе розніца паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю. Людзі маюць розныя перакананні, рознае стаўленне да жыцця, гісторыі і рэлігіі. Нядаўна я зрабіў відэа для дзяржаўнага тэлебачання Беларусі пра так званую «зону загароды» паміж Заходняй Беларуссю і БССР. Савецкія ўлады не скасавалі мяжу адразу пасля захопу Заходняй Беларусі. Галоўная гераіня скардзілася на польскія ўлады, але і на савецкія, якія беларусы віталі з кветкамі і плакатамі. Жанчына наракала, што да пачатку Вялікай Айчыннай вайны яна не магла трапіць у Менск праз дэмаркацыйную лінію. Старая мяжа, усталяваная Рыжскаю мірнаю дамоваю ў 1921 годзе існавала надалей, і жыхары Заходняй Беларусі не мелі права яе перасекчы без дазволу міліцыі.

Чаму? Чаго баяліся савецкія ўлады?

На тых землях пачалі з’яўляцца зародкі польскага падполля – Саюз узброенай барацьбы, а потым Армія Краёвая. Былі таксама эканамічныя пытанні – гэта была мяжа паміж капіталізмам і сацыялізмам. Заходняя Беларусь была ўжо савецкай, але яшчэ не сацыялістычнай. Там існавалі прыватныя крамы і была прыватная ўласнасць на зямлю. Савецкаму кіраўніцтву толькі пасля вайны ўдалося правесці калектывізацыю. З тых земляў таксама масава дэпартавалі людзей, якія былі небяспечныя для савецкіх уладаў – адбыліся чатыры хвалі дэпартацый. Падобная мяжа існавала паміж УССР і Заходняй Украінай, на мяжы паміж Малдовай і савецкай Украінай. Гэтаксама было з краінамі Балтыі.

Ці згаданыя дэпартацыі тычыліся толькі палякаў?

Пераважна так. Высылалі альбо палякаў, альбо працаўнікоў дзяржаўнага апарату. У ссылку траплялі таксама заможныя сяляне, якіх лічылі кулакамі. Гэта маглі быць і беларусы, якія масава перад вайною куплялі зямлю ў памежных рэгіёнах. Тады, у лепшым выпадку, яны страцілі сваю маёмасць, і ў горшым – адпраўляліся ў Сібір. Потым іх выратавала вайна Нямеччыны з СССР і магчымасць уступіць у армію Андэрса.

Чаму беларускія ўлады не прызнаюць існавання беларускага катынскага спісу?

Цяжка сказаць, чаму ўлады гэтак сябе паводзяць. Зразумела, большасць дакументаў, якія тычацца гэтай справы, знаходзіцца ў Маскве. Мы ведаем, што шмат хто з пазнейшых ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў знаходзіліся ў менскіх турмах: у Валадарцы і Амерыканцы. Але потым след гэтых асобаў загінуў. І нават калі гаворка ідзе пра вялікую палітыку, трэба разумець, што ні цяперашнія беларускія ўлады, ні беларускае грамадства не вінаватае ў злачынствах, здзейсненых Сталіным. Беларусы ж павінны памятаць, што вайна для іх пачалася не 22 чэрвеня 1941-га года, а 1-га верасня 1939-га.

Вы пішаце яшчэ адну кнігу пра гэты рэгіён?

Мая наступная кніга, будзе, хутчэй за ўсё, называцца «Заслаўская памежная зона». У «Заходнебеларускай Атлантыдзе» я згадаў гэты феномен. За гэты час я асабіста пабываў у шмат якіх месцах побач з Ракавам і Заслаўем. Я хацеў бы паказаць, як жылі людзі на гэтых тэрыторыях у раёне былой мяжы, усталяванай Рыжскім мірам. Гэта быў раён, у якім масава дзейнічалі кантрабандысты, адбываліся малыя войны паміж польскай і савецкай выведкамі. На савецкім баку мяжы пабудавалі перад ІІ сусветнаю вайною шмат бункераў, якія спатрэбіліся пры абароне ў 1941-ым годзе. Умацаванні Менскага раёну знаходзіліся на асноўнай лініі абароны супраць немцаў, якія атакавалі з боку Вільні. Гэтыя ўмацаванні перад вайною надзвычай цікавілі польскую выведку. Я хачу ўзгадаць пра адвагу польскіх памежнікаў, якія змагаліся там з захопнікамі-чырвонаармейцамі ў 1939-ым годзе. Хачу згадаць і пра мужнасць савецкіх жаўнераў у 1941-ым годзе, 90 асобаў якіх цягам трох дзён бараніла Заслаўе ад немцаў.

З Ігарам Мельнікавым размаўляў Якуб Бернат, пераклад з польскай Віктара Шукеловіча, belsat.eu

Стужка навінаў