2017 год быў багаты на гучныя падзеі: пратэсты недармаедаў і абарона Курапатаў, справа «Белага легіёну» і масавы пераслед журналістаў, вучэнні «Захад-2017» і рэферэндум у Каталунні. «Белсат» падводзіць вынікі года ў фота.
17 лютага ў Менску адбыўся «Марш абураных беларусаў», які даў старт пратэстам супраць Дэкрэту №3.
У лютым 2017 года актывісты зладзілі абарону Курапатаў ад спробаў пабудаваць каля ўрочышча бізнес-цэнтр. «Белсат» падрабязна асвятляў барацьбу за Курапаты.
Пратэсты недармаедаў пасля акцыі ў Менску перакінуліся ў рэгіёны. Мітынгі адбыліся ў Гомлі, Віцебску, Баранавічах, Воршы, Берасце, Магілёве ды іншых гарадах.
Шэсце на Дзень Волі-2017 улады жорстка разагналі. Нашыя журналісты вялі стрым з акцыі падчас якой былі затрыманы сотні чалавек.
20 ліпеня 2017 года ў гадавіну забойства Паўла Шарамета ў Кіеве адбылася акцыя памяці журналіста. «Белсат» вёў стрым з акцыі.
У верасні адбыліся беларуска-расейскія вучэнні «Захад-2017». Падчас манеўраў у Беларусі знаходзіліся каля 3 тыс. расейскіх вайскоўцаў. Журналісты «Белсата» падрыхтавалі шэраг рэпартажаў з вучэнняў.
1 кастрычніка ў Каталунні прайшоў рэферэндум аб незалежнасці, на якім аддзяленне падтрымала большасць удзельнікаў галасавання. Улады Іспаніі заявілі, што рэферэндум незаконны. Нашыя журналісты падрабязна асвятлялі падзеі ў Каталунні – вялі стрымы з Барсэлоны, рыхтавалі відэасюжэты і артыкулы.
14 кастрычніка спецназ затрымаў дзясяткі чалавек на канцэрце ў Менску. Больш за паўтары гадзіны каля сотні чалавек стаялі тварамі да сцяны «на расцяжцы».
21 кастрычніка ў Менску адбыўся Марш абураных беларусаў 2.0, ініцыяваны Міколай Статкевіч. У акцыі ўзялі ўдзел да 200 чалавек. «Белсат» вёў стрым з маршу.
29 кастрычніка 19:00 каля цэнтральнага ўваходу ў будынак КДБ адбылася акцыя памяці ахваряў сталінскіх рэпрэсіяў, ініцыяваная лідэрам Міколам Статкевічам. У акцыі прынялі ўдзел да 20 чалавек.
У 2017 годзе адбыліся дзясяткі судоў над журналістамі «Белсата». Паводле артыкулу пра незаконны выраб прадукцыі медыяў і працы без акрэдытацыі толькі за гэты год журналісты «Белсату» заплацілі дзяржаве не менш за $ 14 000. Паводле «Рэпарцёраў без межаў», менавіта журналістаў нашага тэлеканалу беларускія ўлады пераследуюць часцей за ўсё.
ІІ, belsat.eu