Выгнанне Кавальковай як сімптом. Улада рыхтуецца да інаўгурацыі

Цалкам відавочна, што дэпартацыя Вольгі Кавальковай, даверанай асобы Святланы Ціханоўскай і фактычнага арганізатара Каардынацыйнай рады, не была стыхійнай і выпадковай. Яе выгнанне з беларускага чысцілішча стала лагічным працягам усіх шматлікіх затрыманняў, арыштаў, «содняў», штрафаў і да таго падобнага.

Да гэтага часу, праўда, з натоўпу выхоплівалі пераважна мужчын (калі браць перыяд пасля «крывавага 9 жніўня). Але вось дайшла чарга да гарачых беларускіх жанчын, і ў мяне няма сумневу ў тым, што наступнай лёгка стане Марыя Калеснікава. Яе, хутчэй за ўсё, дэпартуюць адразу ў Штутгарт, па месцы прапіскі яе флейты.

https://www.facebook.com/BelaruskiDom/videos/747724539109833/

Гэта, паўтаруся, не выпадкова. Выбары – па думку акружэння спадара Лукашэнкі – у нас няхутка. Але затое імкліва набліжаецца іншая дата – 5 лістапада, дзень спынення паўнамоцтваў папярэдняга кіраўніка беларускай дзяржавы. Да гэтага моманту трэба паспець, па-першае, прызначыць час інаўгурацыі, па-другое, гэтую інаўгурацыю правесці. Хутчэй за ўсё, гэта стане адным з прадметаў абмеркавання падчас гутаркі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна: як, у якія тэрміны, з якім міжнародным прадстаўніцтвам (у тым ліку – ад Расейскай Федэрацыі).

Але гэтак жа відавочна, што гэтыя дзве падзеі стануць падставай для правядзення новых масавых акцый пратэсту. Тое, што цяпер амаль затухла, атрымае новы імпульс і, таго і глядзі, ўспыхне з новай сілай. Аднак групоўка, якая сілай утрымлівае ўладу ў краіне, па-ранейшаму ўпэўненая, што ўсё, што адбываецца – справа рук купкі бунтаўшчыкоў. Колькасць месцаў у ізалятарах часовага ўтрымання дастаткова абмежавана, усіх туды – нават на месяц – не запіхнеш. Таму была прынятая на ўзбраенне канцэпцыя, згодна з якой патэнцыйныя лідары пратэстаў павінны быць дэпартаваныя з краіны ў добраахвотна-прымусовым парадку. І Вольга Кавалькова – у першую чаргу. Паўла Латушку выратаваў добраахвотны выезд, а пусцяць яго назад ці не – іншае пытанне.

Вольга Кавалькова

Менавіта да дня інаўгурацыі сілавікі і дырэктарска-рэктарскі корпус, які далучыўся да іх, сваёй задачай ставяць таксама спыніць любую форму забастовак. Спяваеце песні на замежных мовах? Пліз, пасля інаўгурацыі. Сядзіце ў шахтах, нічога не робячы? Сядзіце ціха, потым разбярэмся. Звальняецеся ўсім тэатрам? Ды хоць цыркам, толькі без пікетаў у дзень ўсшэсця на пасад пастарэлага гасудара! Падобна на тое, менавіта такая канцэпцыя.

Паколькі існуе небяспека, што як раз да гэтага дня які-небудзь телеграм-канал пачне выклікаць павышаную актыўнасць насельніцтва, не выключаю, што на некаторы час (магчыма, сутак на трое) будзе зноў адключаны Інтэрнэт. Могуць зноў абмежаваць рух аўтамабіляў па горадзе. І толькі «тонтан-макуты» у чорным будуць «берагчы» спакой мірных грамадзян, зрываючы бел-чырвона-белыя сцягі і забяспечваючы хаджэнне ў нагу чальцоў БРСМ.

Пасля інаўгурацыі, нават калі лава зноў выплюхнецца з жэрала нашых інтэрнэт-вулканаў, сам Аляксандр Лукашэнка будзе лічыць сябе паўнавартасным кіраўніком беларускай дзяржавы. Паколькі Святлана Ціханоўская добрасумленна ўхіляецца ад здзяйснення аналагічнага кроку, ён застанецца адзін на полі – калі не лічыць Уладзіміра Пуціна. Але і той, прызнаўшы дэ факта Лукашэнку сваім калегам, будзе вымушаны гуляць у гэтую гульню ўжо да канца. А значыць, зусім не Пуцін будзе вызначаць тэрмін канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі, час пераходнага перыяду, новыя паўнамоцтвы парламента і кіраўніка дзяржавы – і гэтак далей.

Абноўлена
28-ы дзень мірных пратэстаў: салідарнасць студэнтаў, жаночы марш, затрыманні
2020.09.05 16:56

Ці добра гэта? – З аднаго боку, несумненна. Толькі дрэнна, што Беларусь зноў аказваецца закладніцай у руках Аляксандра Лукашэнкі. Несумненна, каб засцерагчы сябе, ён зробіць усё, чаго не здолеў ці не паспеў зрабіць за мінулыя дваццаць шэсць гадоў. Даб’е ўсю недзяржаўную інфраструктуру – у першую чаргу, медыя. Знішчыць цэнтры распаўсюджвання беларускай культуры, апазіцыйнай па вызначэнні. Расправіцца з недзяржаўным сектарам эканомікі. Рэзка скароціць колькасць працоўных на дзяржаўных прадпрыемствах. Ну – і гэтак далей.

Увесь гэты час беларуская апазіцыя – дакладней, тое, што ад яе да таго часу застанецца – будзе мужна мерацца адзін з адным піпіськамі і шукаць вінаватых у тым, што пратэст апынуўся зліты. Нічога не зробіш. Невінаватымі будуць хіба што тыя, каго ўлада дэпартавала. Ці не ўпусціла ў Беларусь.

Хоць – некаторым дазволяць вярнуцца. Напрыклад, Мітрапаліту Кандрусевічу. Пасля інаўгурацыі Яго эксцэленцыя будзе адносна бяспечны.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў